Аляксей Навальны Алесей Навальный Alexei Navalny

Аляксей Навальны. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko

У заяве, якая размешчаная на сайце «Медузы», Навальны адзначае, што яго шмат пытаюцца пра нянавісць да тых людзей, хто мае дачыненне да яго новага прысуду. На гэта ён адказвае, што

«нянавісць — гэта галоўнае, што трэба перамагчы ў турме. Тут так шмат прычын для яе, а тваё бяссілле — наймагутнейшы каталізатар працэсу. Таму, калі даць нянавісці волю, яна даканае і зжарэ цябе».

Але, нягледзячы на гэта, нянавісць у яго ёсць. Прычым, як адзначае палітык, часцей за ўсё яна ўзрастае пасля судоў. Але лютая нянавісць у яго найперш да тых, каго любіў. «За каго стаяў гарой, праз каго спрачаўся да хрыпаты. І сябе ненавіджу за тое, што іх некалі любіў».

Навальны адзначае, што чытае ў ШІЗА кнігу Натана Шчаранскага «Не збаюся зла». Аўтар адседзеў у СССР дзевяць гадоў. У карцарах і ШІЗА правёў 400 дзён. У 1986 годзе Шчаранскі быў абменены і з'ехаў у Ізраіль. Там ён стварыў партыю, быў міністрам замежных спраў.

«Шчаранскі апісвае арышт і следства. 1977 год. Мне тады быў адзін год. Кніга выйшла ў СССР у 1991-м. Мне тады было 15 гадоў. А цяпер мне 47, і, чытаючы яго кнігу, я часам трасу галавой, каб пазбавіцца адчування, што я чытаю сваю асабістую справу», — піша Навальны.

Палітык адзначае, што Шчаранскі ў прадмове да кнігі піша, што менавіта ў турмах захаваўся вірус вальнадумства, і ён спадзяецца, што КДБ не знойдзе «супрацьяддзя супраць гэтага віруса». Але, на думку Навальнага, аўтар памыліўся. Супрацьяддзе знайшлося. І цяпер у Расіі палітычных зняволеных больш, чым у часы Брэжнева і Андропава.

Хто вінаваты і дзе пачатак

Але ў тым, што цяпер адбываецца, Навальны не бачыць ролі КДБ. Бо не было ў краіне ніякага перавароту з удзелам спецслужбаў. Усё адбылося само па сабе.

«Самі. Самі паклікалі. Самі запрасілі іх. Самі навучылі, як выбары падрабляць. Як уласнасць цэлымі галінамі красці. Як хлусіць у медыя. Як мяняць законы пад сябе. Як сілай душыць апазіцыю. І нават як арганізоўваць ідыёцкія бяздарныя войны».

Навальны адзначае, што «ненавідзіць лютай нянавісцю тых, хто прадаў, прапіў, змарнаваў той гістарычны шанец, што быў у нашай краіны ў пачатку дзевяностых». І называе вінаватых — «Ельцына з «Таняй і Валяй», Чубайса і ўсю астатнюю прадажную сямейку, якія паставілі Пуціна да ўлады». А таксама рэфарматараў-аферыстаў пачатку 1990-х і аўтараў «самай неразумнай аўтарытарнай Канстытуцыі, якую нам, ідыётам, уцюхалі як дэмакратычную, ужо тады даўшы прэзідэнту паўнамоцтвы паўнапраўнага манарха».

Навальны адзначае, што ў краіне ў пачатку 1990-х так і не было сур'ёзнай спробы правесці судовую рэформу, якая дазволіла б прыбраць асновы беззаконня і без якой усе астатнія рэформы былі асуджаныя на правал.

Ён нагадвае, што ў 1991 годзе, яшчэ ў РСФСР, была прынята канцэпцыя судовай рэформы. Але ўжо з 1993 года ў краіне пачаліся контррэформы, скіраваныя на будаўніцтва судовай вертыкалі.

«Калі б незалежная судовая ўлада была створаная, то новая ўзурпацыя была б немагчымая або моцна абцяжараная», — лічыць палітык і адзначае, што цяпер ясна, што «ў Крамлі і ва ўрадзе дзевяностых ніхто і не хацеў незалежнага суда. Таму што такі суд стаў бы перашкодай на шляху карупцыі, падробкі выбараў, ператварэнні губернатараў і мэраў у нязменных князькоў».

Палітык зазначае, што ў краіне не была праведзена люстрацыя. У выніку тыя, хто ў савецкія часы ў КДБ маладымі супрацоўнікамі займаўся пераследам дысідэнтаў, цяпер «саджаюць і Яшына, і Кара-Мурзу, і мяне».

Вялікую ўвагу ў сваёй заяве Навальны звяртае на падзеі 1996 года, калі «незалежныя СМІ» і «дэмакратычная грамадскасць» забяспечвалі «поўную падтрымку адной з самых драматычных паваротных падзей нашай новай гісторыі — падробцы прэзідэнцкіх выбараў 96-га года».

Ён прызнаецца, што і сам у той час «зрабіў усё для таго, каб гэтага не заўважаць», а агульная несправядлівасць выбараў яго ані кроплі не бянтэжыла.

«Цяпер мы плацім за тое, што ў 96-м палічылі, што падробка вынікаў выбараў — гэта не заўсёды дрэнна. Мэта апраўдвала сродкі», — адзначае палітык.

Палітык ставіць у віну кіраўніцтву Расіі, якое пасля путчу ў 1991-м годзе і расстрэлу парламента ў 1993-м мела абсалютную паўнату ўлады, але нават не паспрабавала правесці дэмакратычныя рэформы, як у іншых краінах Усходняй Еўропы.

Ён падкрэслівае, што менавіта «з Ельцыным, Чубайсам, алігархамі і ўсёй камсамольска-партыйнай бандай, якая называла сябе «дэмакратамі», мы ў 1994-м пайшлі не ў Еўропу, а ў Сярэднюю Азію. Абмянялі нашу еўрапейскую будучыню на вілы «Тані і Валі» на «востраве мільянераў» Сен-Барт».

У выніку, калі да ўлады прыйшлі «кадэбэшнікі / эфэсбэшнікі», ім нічога не прыйшлося рабіць. Правілы гульні былі ўстаноўленыя да іх. «Калі правілы гульні такія, што можна красці, хлусіць, фальсіфікаваць, цэнзураваць, а ўсе суды пад нашым кантролем, то тут, лічы, нядрэнна разгорнемся, — заўважае Навальны і адзначае:

— Мы пусцілі казла на капусны склад, а потым дзівімся, што ён з'еў усю капусту».

Шанец Расіі

Навальны адзначае, што, акрамя нянавісці, у яго прысутнічае страх за тое, што Расія зноў, як у 1990-я, можа страціць свой гістарычны шанец, у які ён не проста верыць.

«Я не проста веру, а ведаю, што ў Расіі будзе яшчэ шанец. Гэта гістарычны працэс. Мы зноў будзем на раздарожжы».

Галоўнае пры гэтым, на думку палітыка, не пайсці «па паказальніку «мэта апраўдвае сродкі».

Навальны адзначае, што ўсё, што ён напісаў пра дзевяностыя — найважнейшае і самае актуальнае пытанне палітычнай стратэгіі ўсіх прыхільнікаў еўрапейскага шляху і дэмакратычнага развіцця.

Па словах палітыка, яго вельмі здзівіла рэакцыя на расследаванне пра Аляксея Венядзіктава і Ксенію Сабчак, якое раскрыла факт атрымання Венядзіктавым сумы 550 мільёнаў рублёў у той час, як ён кіраваў штабам назірання за выбарамі.

Навальны зазначае, што ён дзівіцца, што прыведзеныя ў расследаванні факты аб датычнасці гэтых людзей да фальсіфікацый для многіх ні ганебныя, ні значныя.

«У нас па-ранейшаму лаяльнасць прынцыпам падвяргаецца сумневам і разглядаецца шматлікімі як наіўная, рамантычная і наогул як «белае паліто». Асабістая лаяльнасць, прыналежнасць да карпарацыі, старое сяброўства расцэньваюцца многімі як найважнейшыя, —

заўважае Навальны і задаецца пытаннем: — Калі для нас палітычны саюзнік — той, хто прадае нашы галасы «Адзінай Расіі», то хто мы наогул, для чаго мы патрэбныя?»

Палітык прапануе ў такім выпадку проста ўступіць у «Адзіную Расію», стварыць фракцыю «цвёрдых сабянінцаў» і патрабаваць прыбраць дрэннага Пуціна і даць харошых Сабяніна і Мішусціна, Шувалава і Ліксутава.

Навальны адзначае, што калі адкрыецца акно магчымасцяў, то зноў давядзецца мець справу з тымі, хто лічыць, што дзе-нідзе выбары трэба адмяніць або падрабіць, можна падкупляць журналістаў, трымаць суды на кручку, нельга мяняць кадравую аснову ўлады і гэтак далей.

«І людзі з такімі ідэямі будуць зусім не пуціністы і не камуністы — яны зноў стануць называць сябе дэмакратамі і лібераламі», — прагназуе палітык.

Як пазбавіцца нянавісці і страху

Навальны адзначае, што вельмі баіцца, што бітва за прынцыпы зноў можа быць прайграная пад лозунгамі «рэальнай палітыкі».

На думку палітыка, лепшы спосаб пазбавіцца нянавісці і страху — заставацца верным сабе і нястомна тлумачыць людзям на шматлікіх прыкладах, што

«дэмакратычныя прынцыпы — прагматычнасць, незалежны суд, сумленныя выбары і роўнасць усіх перад законам — найлепшыя механізмы суровага рэальнага жыцця на шляху да росквіту. А таемныя фонды-абшчакі і мары пра добрага дыктатара — гэта хімера і наіўная лухта».

Навальны лічыць, што «толькі калі пераважная большасць у расійскай апазіцыі будзе складацца з тых, хто ні пры якіх умовах не прымае падробленых выбараў, няправільнага суда і карупцыі, тады мы зможам правільна распарадзіцца шанцам, які абавязкова выпадзе зноў».

Чытайце яшчэ:

Навальнага асудзілі да 19-ці гадоў калоніі асобага рэжыму па справе аб «экстрэмізме»

Навальны да гадавіны нападу на Украіну апублікаваў праграмны тэкст. Згадаў і Беларусь

Навальны: Прыгожын прыязджаў вербаваць зняволеных у яго калонію

«Я як прыйшоў, адразу падумаў: забойцы. Так і аказалася». Навальны расказаў пра свой новы атрад у калоніі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?