Андрэй Стрыжак. Фота: «Наша Ніва»

 Андрэй Стрыжак. Фота: «Наша Ніва»

— Гісторыя з забаронай на замену пашпарта за мяжой цалкам чаканая, — сказаў «Салідарнасці» Андрэй Стрыжак. — Беларускі рэжым паслядоўна з 2020 года абразае магчымасці для дыяспар і эмігрантаў.

Спачатку было заяўлена, што выбары за мяжой арганізоўвацца больш не будуць.

Другі крок — гэта пазбаўленне грамадзянства людзей у сувязі з тым, што яны ўдзельнічаюць у «экстрэмісцкіх фармаваннях» альбо маюць судзімасць па «экстрэмісцкіх» або «тэрарыстычных» артыкулах.

І цяпер цалкам чаканая гэтая гісторыя з пашпартамі.

Акрамя пашпартоў, дарэчы, ёсць і яшчэ адзін важны момант — змяніліся правілы правядзення некаторых маёмасных угод.

Частку з іх, у прыватнасці ўгоды з нерухомасцю і транспартам, у сувязі з новаўвядзеннямі можна будзе аформіць або асабіста, або на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі. Даверанасці, аформленыя ў іншых дзяржавах, для шэрагу аперацый больш не падыдуць.

Гэта яшчэ адзін непрыемны момант і, думаю, на гэтым рэжым не спыніцца, будзе прыдумляць іншыя механізмы, каб папаўняць свой бюджэт і абмяжоўваць нашы правы. У іх няма законаў і няма мяжы фантазіям.

Новаўвядзенні з пашпартамі, паводле словаў праваабаронцы, могуць паўплываць на некаторыя працэдуры легалізацыі беларусаў у іншых краінах.

— Гэта вельмі магутны сігнал для нашых еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў аб тым, што праблема з атрыманнем або прадаўжэннем пашпартоў РБ сапраўды існуе.

Раней бывалі сітуацыі, калі міграцыйныя службы тых ці іншых краін адмаўлялі беларусам у атрыманні так званага пашпарта замежнага грамадзяніна. Дапусцім, у Літве і Польшчы яго выдаюць на падставе ДНЖ.

Рашэнне аб адмове абгрунтоўвалі тым, што спачатку неабходна спрабаваць атрымліваць пашпарт праз беларускую амбасаду. У сувязі з гэтым указам, разам з ускладненнем атрымання беларускага пашпарта, думаю, працэдура атрымання пашпарта замежнага грамадзяніна стане лягчэйшай. 

А паколькі пашпарт замежнага грамадзяніна жорстка прывязаны да ДНЖ, пэўна, адбудуцца змены і ў гэтым кірунку. Бо цяпер, напрыклад, Літва выдае ДНЖ толькі на год. 

Становіцца больш адчувальнай і зразумелай ідэя стварэння пашпарта новай Беларусі. Зразумела, навошта ён наогул патрэбны. 

Сузаснавальнік Фонду BYSOL таксама звяртае ўвагу на рызыкі, звязаныя з наступствамі новаўвядзенняў. 

— У цэлым, безумоўна, гэта пагаршэнне сітуацыі беларусаў замежжа. Прасочваецца вельмі выразная і зразумелая стратэгія на тое, як іх адразаюць ад самой Беларусі, бо лічаць, што там, за мяжой, нікога, акрамя ворагаў, у іх не засталося. 

Ну і, вядома, ёсць разлік на тое, што тыя, хто не баіцца вяртацца ў Беларусь, вернуцца, каб зрабіць пашпарт. І тут існуе пэўная пастка.

Не выключаю, што многія людзі, якія нават не ў курсе таго, што супраць іх ёсць нейкія матэрыялы следчых спраў, могуць апынуцца ў небяспечнай сітуацыі, то-бок прыедуць мяняць пашпарт сабе або дзіцяці (а ў дзіцячых пашпартоў тэрмін карацейшы), і зусім нечакана трапяць у СІЗА КДБ, або на «Валадарку», або на Акрэсціна, або яшчэ куды-небудзь.

Гэта чарговы пункт рызыкі для тых людзей, якія раней, можа быць, і не паехалі б у Беларусь, а цяпер на гэта вырашацца з-за пашпартоў.

Таму, карыстаючыся выпадкам, у чарговы раз хачу папярэдзіць пра тое, што любая паездка ў Беларусь уяўляе сабой пагрозу і рызыку, асабліва для тых людзей, якія грамадска актыўныя. Усё роўна, наколькі актыўныя вы былі ў 2020 годзе, улада знойдзе, за што вас зачапіць, — папярэджвае праваабаронца.

Чытайце таксама:

«Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся пасля новага ўказа Лукашэнкі

МЗС: Пасольствы і консульствы больш не будуць выдаваць пашпарты і ID-карты, але ранейшыя звароты будуць разгледжаныя

Без дзейнага пашпарта знаходжанне беларусаў за мяжой стане незаконным. Вось што можна зрабіць з гэтым тым, хто жыве ў Польшчы ці Літве

«Мы працуем, каб беларусы не засталіся без пашпартоў» — Ціханоўская

Клас
30
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
8