Фота: тэлеграм-канал Валера Цапкалы
Экс-прэтэндэнт у прэзідэнты на выбарах 2020 года і экс-кіраўнік Парка высокіх тэхналогій Валер Цапкала падаў пазоў у Еўрапейскі суд у Люксембургу супраць камісіі Еўрапейскага саюза.
«У супрацоўніцтве з некаторымі дзяржавамі-членамі камісія выкарыстала свой палітычны ўплыў, адміністрацыйныя механізмы і фінансавыя рэсурсы, каб падарваць адзінства дэмакратычнага руху ў Беларусі і дыскрэдытаваць сапраўдных змагароў за свабоду. Яе дзеянні спрыялі ўмацаванню ўлады Лукашэнкі, што прывяло да росту колькасці палітычных зняволеных, палегчыла наступную акупацыю Беларусі Расіяй і прывяло да размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі», — тлумачыць Валер Цапкала.
Ён зазначае, што пададзена каля 100 старонак доказаў для абгрунтавання ўсіх сцвярджэнняў у судзе.
Валер Цапкала перакананы, што Еўракамісія парушыла такія асноўныя дэмакратычныя прынцыпы, як народнае прадстаўніцтва і ўдзел.
«Яна замяніла лідараў, якія мелі падтрымку беларускага народа, на фіктыўныя структуры, якія складаюцца невядома з каго і на якой падставе прызначаных асоб. Гэтыя незразумелыя асобы, у адрозненне ад сотняў тысяч беларусаў, не рызыкавалі сваім жыццём або свабодай дзеля дэмакратычных ідэалаў», — піша Валер Цапкала.
«Гэтая палітыка адштурхнула беларусаў ад заходніх каштоўнасцяў у бок дзяржаўнай беларускай і расійскай вайсковай прапаганды», — рэзюмуе экс-прэтэндэнт у прэзідэнты.





