«Амаль заўсёды памятаў Зянона Пазняка»

Сёлета 18 чэрвеня Сяргею стала блага на працы, ён упаў, страціў прытомнасць. Мужчыну завезлі ў шпіталь, дзе выявілі разрыў анеўрызмы галаўнога мозга. Зрабілі аперацыю, Сяргей амаль тыдзень правёў у штучнай коме. Беларусы сабралі на лячэнне і іншыя патрэбы актывіста больш за 10 тысяч еўра. Патрэбную суму заданацілі фактычна за суткі.

Як расказала «Свабодзе» абазнаная крыніца, тры месяцы Пантус знаходзіцца ў шпіталях Беластока і праходзіць лячэнне. Яму зрабілі чатыры аперацыі на галаве, чакае яшчэ пятая. Са словаў медыкаў, многія пацыенты паміраюць ад гэтай хваробы на месцы. Стан Сяргея змяняецца хвалямі: то паляпшаецца, то пагаршаецца. У дадатак да сур’ёзнай хваробы мозга ён перанёс запаленне лёгкіх і падхапіў шэраг інфекцый. 

Сяргей у значнай ступені страціў памяць, але яна паціху аднаўляецца. У найгоршым стане ён мог не ўспомніць нават родных, але апошнім часам усё лепш пазнае крэўных і сяброў.

«Каго ён памятаў амаль заўсёды, дык гэта Зянона Пазняка», — усміхаецца суразмоўца.

Палітык наведаў паплечніка ў ліпені ў шпіталі.

«Схуднеў кілаграмаў на дваццаць»

Большую частку лячэння Сяргей ляжыць. Ён моцна аслаб. Цяпер вучыцца наноў хадзіць з дапамогай спецыялістаў, робіць фізічныя практыкаванні, каб аднавіць спраўнасць цягліцаў. Пакуль ён не можа самастойна ўставаць з ложка, але можа сам есці, трымаць лыжку, кубак.

«Ён схуднеў кілаграмаў на дваццаць дакладна. Фізічна ён, вядома, моцна змяніўся», — кажа суразмоўца.

У шпіталі мужчыну давялося пагаліць бараду і бакенбарды, якія ён адпускаў да хваробы, а да таго ж коратка пастрыгчыся з прычыны аперацый. Пасля апошняй з іх Сяргей стаў пачувацца лепш.

«Цяпер, як ён прыходзіць у памяць, у яго і жарты, і ўсё, як было раней. У найгоршым стане ён ляжаў ніякі, нікога не пазнаваў, ні з кім не гаварыў, глядзеў у адну кропку. Яму было не да жартаў. Сам не еў, не паварочваўся, не рухаўся. Цяпер неба і зямля: сам варочаецца, сам есць, уголас гаворыць, а раней пераважна шэптам», — кажа суразмоўца.

Паводле абазнанай крыніцы, Сяргей звычайна знаходзіцца ў добрым настроі, не скардзіцца на здароўе. У шпіталі ён малюе, каб развіваць дробную маторыку. Чытае з сябрамі невялікія гісторыі, пераказвае іх, каб трэнаваць памяць. Разгадвае красворды. Слухае і спявае песні. Яго рэгулярна наведваюць сябры і знаёмыя, прысылаюць паштоўкі падтрымкі нават з іншых краін. 

«Ён якім быў, такім і застаўся. Як любіў ён памідоры, так і любіць. Як быў ласуном, так ім і застаўся. Як спяваў «Аксамітны летні вечар», так і любіць, памятае словы і спявае. Не надта ён памяняўся», — мяркуе асоба, якая ведае пра стан Сяргея.

Што стала прычынай хваробы, невядома.

«Пэўна, анеўрызма ў Сяргея была з дзяцінства. Яна можа разарвацца ў любы момант, незалежна ад цяжкой працы. Можа, ад перажыванняў, можа, павысіўся ціск — тады горача было», — разважае крыніца інфармацыі.

Грошы прызначаныя на рэабілітацыю і арэнду кватэры

Паводле суразмоўцы «Свабоды», пакуль што лячэнне ў шпіталі для Сяргея бясплатнае, яго кампенсуе медыцынская страхоўка. Невялікая частка сабраных грошай пайшла на вітаміны для мозгу. За данаты цяпер аплочваецца арэнда кватэры, у якой жыў Сяргей. Яго могуць выпісаць са шпіталя раптоўна, кажа суразмоўца, таму неабходна, каб жытло было падрыхтаванае. Працаваць і зарабляць на жыццё ён сам пакуль не можа.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?