Фота: Swedish Armed Forces

Фота: Swedish Armed Forces

Аб гэтых мерах прэм'ер-міністр Швецыі абвясціў на фоне рэзкага росту колькасці нападаў з ужываннем агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад. Толькі на мінулым тыдні на працягу 12 гадзін у Стакгольме былі застрэленыя двое маладых мужчын.

Акрамя таго, у адным з населеных пунктаў на поўнач ад сталіцы 24-гадовая жанчына загінула падчас выбуху ў яе доме. Яе звалі Саха Саад і яна нядаўна атрымала кваліфікацыю настаўніцы. Паліцыя мяркуе, што чалавек, які меўся стаць мэтай выбуху, быў яе суседам, а сама яна не мела ніякага дачынення да бандыцкай дзейнасці.

У верасні з-за дзеянняў узброеных банд у краіне загінулі ў агулам 12 чалавек. Гэта самы высокі паказчык са снежня 2019 года.

Па рашэнні ўладаў, з наступнага тыдня армія пачне садзейнічаць паліцэйскім з аналізам даных, лагістыкай, крыміналістычнай экспертызай і працай з выбуховымі рэчывамі.

Крыстэрсан таксама заявіў аб неабходнасці заканадаўча пашырыць паўнамоцтвы арміі.

«Я не магу не прызнаць, наколькі сур'ёзная сітуацыя. Швецыя ніколі раней не бачыла нічога такога. Ніводная іншая краіна Еўропы цяпер такога не перажывае», — сказаў прэм'ер-міністр Крыстэрсан, звяртаючыся да жыхароў краіны.

Крыстэрсан узначальвае правацэнтрысцкі ўрад, у якога няма большасці ў парламенце. Ён прыйшоў да ўлады ў мінулым годзе пры падтрымцы антыэмігранцкай шведскай дэмакратычнай партыі, але так і не змог утаймаваць злачыннасць — адну з галоўных праблем краіны, якая выклікае асаблівую незадаволенасць выбаршчыкаў.

Сваю заяву аб уцягванні арміі ў барацьбу са злачыннасцю Крыстэрсан зрабіў пасля экстранных перамоваў у пятніцу з кіраўніком шведскай арміі Мікаэлем Байдэнам, кіраўніком паліцыі Андэрсам Торнбергам і міністрам юстыцыі Гунарам Штромерам.

Прэм'ер-міністр растлумачыў, што ўрад папросіць войска дапамагчы паліцыі «ў тых выпадках, калі могуць спатрэбіцца асаблівыя навыкі Узброеных сіл».

Банды прыцягваюць дзяцей

Шведскія СМІ звязваюць рост колькасці забойстваў у краіне з унутраным канфліктам у крымінальнай бандзе, вядомай як сетка «Факстрот». Вядома, што яна раскалолася на дзве канкуруючыя групоўкі, паміж якімі рэгулярна адбываюцца сутыкненні.

Шведская паліцыя мяркуе, што мясцовыя банды ўсё часцей выкарыстоўваюць дзяцей для здзяйснення злачынстваў, бо дзеці маладзейшыя за 18 гадоў часта атрымліваюць лёгкія прысуды ў судах ці ўвогуле застаюцца без пакарання.

Па даных праваахоўных органаў, дзеці ўсё маладзейшыя (некаторым усяго 10 гадоў) далучаюцца да гандлю наркотыкамі і сярод іх расце колькасць тых, хто ў канфліктах выкарыстоўвае зброю са смяротнымі наступствамі.

У Швецыі адносна лёгка можна купіць нелегальную зброю, якая паступае ў асноўным з балканскіх краін, лічыць паліцыя.

Як падкрэсліў у сваім звароце Крыстэрсан, ахвярамі ўнутраных канфліктаў банд усё часцей становяцца дзеці і мінакі.

Летась у выніку перастрэлак у Швецыі загінула больш за 60 чалавек — гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю вядзення статыстыкі. Чакаецца, што па выніках 2023 года сітуацыя будзе настолькі ж дрэннай — ці яшчэ горш.

У афіцыйнай урадавай справаздачы, апублікаванай у 2021 годзе, гаворыцца, што кожны год у выніку перастрэлак у Швецыі гінуць чацвёра з мільёна жыхароў — у параўнанні з 1,6 чалавека на мільён у сярэднім у Еўропе.

Паліцыя звязвае гвалт з дрэннай інтэграцыяй імігрантаў, павелічэннем разрыву паміж багатымі і беднымі і ужываннем наркотыкаў.

Прэм'ер-міністр паабяцаў узмацніць паліцэйскі нагляд, зрабіць больш строгім пакаранне за парушэнне законаў аб зброі, узмацніць паўнамоцтвы дзяржавы па дэпартацыі мігрантаў, настойваючы што «ўсе варыянты разглядаюцца».

Некаторыя крытыкі сцвярджаюць, што гэтыя меры не вырашаюць асноўныя сацыяльныя праблемы, якія ляжаць у корані гэтага крызісу, у тым ліку дзіцячую беднасць і недастатковае фінансаванне грамадскай інфраструктуры.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?