Israeli tanks Ізраільскія танкі Израильские танки

Ізраільскія танкі на мяжы з Ліванам. 11 кастрычніка 2023 года. Фота: AP Photo/Ariel Schalit

ЦАХАЛ складаюцца з трох філіялаў: сухапутныя, паветраныя і марскія сілы. Узброеныя сілы Ізраіля доўгі час падтрымліваюцца Злучанымі Штатамі. Пры гэтым штогадовае фінансаванне, санкцыянаванае Кангрэсам, адпаведна з апошнімі данымі, складала 3,3 мільярда долараў ЗША, а таксама яшчэ 500 мільёнаў долараў ЗША на тэхналогіі супрацьракетнай абароны.

Згодна з данымі Стакгольмскага міжнароднага інстытута па вывучэнні праблем міру (SIPRI), у 2022 годзе на свае ўзброеныя сілы Ізраіль выдаткаваў 4,5% ВУП, што з'яўляецца 10-м паказчыкам у свеце.

У краіне вайсковая служба абавязковая для грамадзян, старэйшых за 18 гадоў. Пасля залічэння на службу мужчыны павінны служыць на працягу 32 месяцаў, а жанчыны — на працягу 24 месяцаў.

Ізраіль — адна з найбольш узброеных краін на Блізкім Усходзе.

Узбраенне арміі Ізраіля Armament of the army of Israel Вооружение армии Израиля

Узбраенне арміі Ізраіля. Крыніца: Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў (IIS)

Па даных Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (IIS) на пачатак 2023 года ў Ізраілі налічвалася 169 з паловай тысяч актыўных вайскоўцаў у арміі, на флоце і ў ваенізаваных фарміраваннях. Яшчэ 465 тысяч складаюць яго рэзервовыя сілы, а 8 тысяч з'яўляюцца часткай яго ваенізаваных фарміраванняў. З пачатку канфлікту Ізраіль прызваў каля 360 тысяч рэзервістаў.

Сухапутныя сілы Ізраіля

На ўзбраенні ЦАХАЛ ёсць мадыфікаваная амерыканская зброя: карабіны М4А1, вінтоўкі М16, снайперскія вінтоўкі M24 SWS і SR-25.

Сярод уласных распрацовак розныя віды стралковай зброі, такія, як аўтамат Galil (на аснове аўтамата Калашнікава), пісталет-кулямёт Uzi.

Але найлепшай распрацоўкай лічыцца штурмавая вінтоўка Tavor. Яна характарызуецца высокай манеўранасцю і зручнасцю пры стральбе наўскідку. Tavor выканана па схеме бул-пап (магазін і механізмы знаходзяцца за спускавым клямарам). Гэта дазволіла скараціць агульную даўжыню зброі пры захаванні даўжыні ствала, што палепшыла мабільнасць і дакладнасць стральбы.

Tavor (варыянты X95 і CTAR-21) у Ізраілі Tavor (X95 and CTAR-21 variants) in use Тавор (варианты X95 и CTAR-21) используется в Израиле.

Ізраільскія салдаты, узброеныя вінтоўкамі Tavor (варыянты X95 і CTAR-21). Фота: Wikimedia Commons

У вінтоўкі сучасная і дакладная сістэма прыцэльвання, якая прымацоўваецца непасрэдна да ствала. Каб не стамляць салдата пастаянным уключэннем і выключэннем, прыцэл уключаецца аўтаматычна пры перацягванні затвору і выключаецца, калі зброя разраджана. Вылучаецца мадыфікацыя вінтоўкі — MTAR, надзвычай кампактная і прызначаная для спецназа.

Ізраіль распрацаваў уласную серыю баявых танкаў «Меркава». Гэты танк з'яўляецца асноўным баявым танкам, які выкарыстоўваецца ЦАХАЛ з 1980-х гадоў. Сёння асноўная мадэль — гэта Mark 4. Аб новай распрацоўцы танка з выкарыстаннем штучнага інтэлекту мы пісалі тут.

Навучанне салдат метадам вайны ў гарадскіх умовах праходзіць у навучальным цэнтры Urban Warfare, вядомым як «міні-Газа».

У Ізраілі ёсць таксама парк беспілотнікаў, якія з'яўляюцца самымі прадаванымі на сусветным рынку, паколькі ствараліся яны для вырашэння такой найважнейшай задачы, як дасягненне максімальнай сітуацыйнай дасведчанасці непасрэдна на полі бою і ў найбліжэйшай тактычнай глыбіні.

Вайскова-паветраныя сілы

На ўзбраенні Вайскова-паветраных сіл знаходзяцца ўдасканаленыя амерыканскія знішчальнікі F-15 Eagle, F-16 Fighting Falcon і самалёты F-35 Lightning II, ударныя верталёты AH-1 Кобра і AH-64D Apache, батарэі супрацьракетнай абароны Patriot.

Эксперты звяртаюць увагу на двухмесны варыянт F-16I Sufa («Навальніца»), распрацаваны спецыяльна для задавальнення патрабаванняў ВПС Ізраіля. F-16I абсталяваны распрацаванымі ў Ізраілі канформнымі паліўнымі бакамі, якія за кошт падвышэння запасу паліва павялічваюць дальнасць палёту на 50%. Замена бакаў падвоіла магчымасці абсталявання знішчальніка рознымі класамі авіяцыйных сродкаў паражэння.

F-16I Sufa

F-16I Sufa. Фота: Wikimedia Commons

У самалёце выкарыстоўваецца нашлемная сістэма навядзення — дысплей Elbit Dash IV. Ён дае магчымасць пілоту вызначаць знаходжанне цэлі пад вялікім вуглом да курсу знішчальніка і паказвае інфармацыю аб становішчы на 360 градусаў.

Найбольш значная мадыфікацыя, унесеная ў F-16I Sufa, тычыцца комплексу сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, які ўключае сістэмы папярэджання аб радыёлакацыйным апрамяненні, падаўленні перашкод і самаабароны Elisra SPS 3000.

Сярод уласных распрацовак Ізраіля таксама шматмэтавы знішчальнік-бамбавік Nesher і шматмэтавы знішчальнік Kfir (распрацаваны на аснове французскага самалёта Mirage).

Ваенна-марскія сілы

Ваенна-марскія сілы ўключаюць 5 падводных лодак і 49 патрульных і прыбярэжных караблёў.

Сярод іх вылучаюцца карветы тыпу «Саар-5». Усяго было пабудавана тры карветы гэтага класа, якія з'яўляюцца самымі вялікімі баявымі караблямі ў ізраільскім флоце. Яны валодаюць высокай хуткасцю, манеўранасцю і агнявой моцай, а таксама ўжываюць тэхналогіі стэлс для зніжэння радыёлакацыйнай, інфрачырвонай і акустычнай прыкметнасці.

Saar-5 type corvettes карветы тыпу

Карвет тыпу «Саар-5». Фота: Wikimedia Commons

Карветы «Саар-5» абсталяваныя рознымі відамі ўзбраення, уключаючы супрацькарабельныя ракеты Harpoon дальнасцю да 130 км, зенітныя ракеты Barak дальнасцю да 10 км, тарпедныя апараты Mk 32, артылерыйскую ўстаноўку Phalanx, а таксама электронныя сістэмы выяўлення і навядзення. Карветы таксама маюць верталётную пляцоўку і ангар для базіравання аднаго верталёта.

Унікальная асаблівасць «Саар-5» заключаецца ў тым, што гэта самы маленькі вайсковы карабель у свеце, абсталяваны 4-панэльным радарам MF-STAR, які можа шукаць, адсочваць мэты і накіроўваць да 16 зенітных ракет Barak адначасова, каб перахапіць іх. Гэта дае карвету магчымасць абараняцца ад любой паветранай пагрозы.

«Саар-5» з'яўляецца самым добра ўзброеным караблём у свеце, калі ўлічыць суадносіны зброі і водазмяшчэнне судна. Пры водазмяшчэнні ў 1100 тон, ён валодае агнявой моцай 4000-тоннага фрэгата.

Акрамя гэтага Ізраіль — першая краіна, якая распрацавала і разгарнула ўзброеную беспілотную лодку для назірання і абароны — Protector Unmanned Surface. Гэтыя лодкі разгорнутыя вакол партоў для назірання, выяўлення і паражэння варожых малых судоў. Адзін з варыянтаў можа быць абсталяваны ракетамі Spike і вадзяной гарматай для несмяротных баёў і пажаратушэння.

Protector Protector Unmanned Surface

Выстрал ракеты з Protector Unmanned Surface. Фота: Wikimedia Commons

Сістэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал»

У 2011 годзе ў Ізраілі пачала дзейнічаць сістэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» — адзіная ў свеце, разгорнутая на нацыянальным узроўні.

Сістэма створана з дапамогай ЗША, якія адказваюць за пастаўку дэталяў для яе. «Жалезны купал» складаецца з трох асноўных кампанентаў: радара для выяўлення і адсочвання цэляў, пускавых установак для запуску перахапляльных ракет і цэнтра кіравання для каардынацыі і аналізу даных.

Пускавая ўстаноўка

Пускавая ўстаноўка «Жалезны купал» запускае ракету. Фота: Wikimedia Commons

Раней адзначалася, што сістэма паспяхова знішчае больш за 90% цэляў, але 7 кастрычніка 2023 года СПА Ізраіля не змагла справіцца ў неабходным аб'ёме са шквалам па меншай меры 3000 ракет, выпушчаных з сектара Газа.

Акрамя «Жалезнага купала» Ізраіль у жніўні 2020 года на мяжы з сектарам Газа ўпершыню выкарыстаў лазерную сістэму СПА «Лёгкі клінок». Яна прызначана для перахопу дронаў, а таксама запальных паветраных шароў.

Некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя аб прымяненні Ізраілем яшчэ адной сістэмы СПА, заснаванай на выкарыстанні лазера, — «Жалезны прамень». Сістэма заклікана абараніць ад ракет звышмалога радыусу дзеяння на далёкасці да 7 кіламетраў. Акрамя таго, сістэма зможа знішчаць і малыя беспілотнікі.

Ядзерная зброя

Ізраіль таксама доўгі час падтрымліваў неабвешчаную праграму стварэння ядзернай зброі. Ізраільская ваенная дактрына тлумачыць выкарыстанне ядзернай зброі ў якасці «канчатковага стрымліваючага фактара» ў сітуацыях, калі існаванне дзяржавы Ізраіль успрымаецца пад пагрозай з боку замежных дзяржаў.

Гандаль зброяй

Гандаль зброяй з'яўляецца адным з істотных складнікаў экспарту краіны. Калі раней Ізраіль больш імпартаваў зброю, дык у апошняе дзесяцігоддзе экспарт паступова перавысіў імпарт. Па даных SIPRI, у перыяд з 2018 да 2022 года сама меней 35 краін імпартавалі зброю з Ізраіля на агульную суму 3,2 мільярдаў долараў. З іх каля трэці прыходзілася на Індыю. Другім па велічыні купцом быў Азербайджан, затым ішлі Філіпіны, ЗША і В'етнам.

Чытайце яшчэ:

Армія ЗША адабрала 2000 салдат для патэнцыйнага разгортвання ў Ізраілі на фоне канфлікту з ХАМАС — The Wall Street Journal

Ізраіль, падобна, упершыню ўжыў у баявых умовах лазерную сістэму СПА «Жалезны прамень»

Ізраіль распрацаваў танк са штучным інтэлектам

Клас
84
Панылы сорам
11
Ха-ха
13
Ого
25
Сумна
31
Абуральна
59

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?