Фота: МЗС

Фота: МЗС

Раней перашкодай стаць дыпламатам было замежнае грамадзянства жонкі ці мужа. Зараз на пасаду не могуць прэтэндаваць і тыя, у каго муж ці жонка маюць замежны дазвол на жыхарства ці іншы дакумент, які дае права на пастаяннае пражыванне за мяжой ці льготы там у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю.

Рашэнне аб прыёме на дыпламатычную службу (ці працягненні знаходжання на ёй) чалавека, у чыіх блізкіх сваякоў ёсць такі замежны дакумент узгадняецца з КДБ.

Пры прыёме на працу дыпламатаў будуць абавязваць праходзіць паліграф.

Да прычын, з якіх могуць адклікаць з пасады, дадалі парушэнне патрабавання заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах, а таксама выдаванне службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду. Звольніць дыпламата могуць, калі ў яго мужа ці жонкі акажацца ДНЖ іншай дзяржавы (ці падобны дакумент). Або калі ДНЖ ёсць у кагосьці з блізкіх сваякоў і КДБ палічыў гэта непрымальным.

Раней беларусаў, якія атрымалі ДНЖ ці карту паляка, абавязалі паведамляць пра гэта беларускім уладам. Вядомы выпадкі, калі на прадпрыемствах работнікаў з картамі паляка выклікалі да кіраўніцтва і прымушалі адмовіцца ад дакумента, які дае права жыць за мяжой.

Як тлумачаць улады, абноўленыя нормы ўлічваюць змяненне міжнароднай абстаноўкі, падыходы і даручэнні Лукашэнкі да арганізацыі работы органаў дыпламатычнай службы і характар задач на гэтым этапе.

Клас
1
Панылы сорам
5
Ха-ха
15
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
5