Ілюстрацыя таго, як сінтэтычны меланін працуе для абароны скуры: меланін прызначаны для ўсмоктвання шкодных свабодных радыкалаў (паказаныя зялёным колерам), якія ўтвараюцца ў выніку ультрафіялетавага выпраменьвання і іншых патэнцыйна небяспечных уздзеянняў. Выява: Yu Chen/Northwestern University

Ілюстрацыя таго, як сінтэтычны меланін працуе для абароны скуры: меланін прызначаны для ўсмоктвання шкодных свабодных радыкалаў (паказаныя зялёным колерам), якія ўтвараюцца ў выніку ультрафіялетавага выпраменьвання і іншых патэнцыйна небяспечных уздзеянняў. Выява: Yu Chen/Northwestern University

Меланін — гэта карычневы або чорны пігмент, які натуральна выпрацоўваецца рознымі жывёламі, у тым ліку людзьмі. Менавіта меланін з'яўляецца галоўным фактарам, які вызначае колер нашай скуры, або прычынай, з якой некаторыя людзі загараюць лепш за іншых. Але меланін мае мноства іншых функцый у жывёльным свеце: напрыклад, гэта асноўны інгрэдыент чарнілаў, якія вырабляюць кальмары; таксама меланін выкарыстоўваецца некаторымі мікробамі, каб пазбегнуць уздзеяння імуннай сістэмы гаспадара, у арганізм якога гэтым мікробам пашчасціла патрапіць. Варыянт меланіну, які выпрацоўваецца клеткамі нашага мозга, можа нават абараніць нас ад нейрадэгенератыўных захворванняў, такіх як хвароба Паркінсана.

Каманда навукоўцаў з Northwestern University даўно захапляецца ўніверсальнасцю меланіну і вывучае, як можна выкарыстоўваць ягоныя асаблівыя якасці для бяспекі нашай скуры. Пасля дзесяці гадоў працы даследчыкі навучыліся імітаваць і надзейна ствараць уласную версію меланіну ў лабараторыі.

Іх апошняя праца была апублікавана ў чацвер у Nature Journal npj Regenerative Medicine. У ходзе даследавання яны выпрабоўвалі меланін як на мышах, так і на ахвяраваных узорах тканак скуры чалавека, якія падвяргаліся ўздзеянню патэнцыйна шкодных рэчываў (узоры скуры падвяргаліся ўздзеянню таксічных хімікатаў, у той час як мышы падвяргаліся ўздзеянню хімікатаў і УФ-выпраменьвання). У абодвух сцэнарах меланін памяншае ці нават цалкам прадухіляе пашкоджанне верхняга і ніжняга пластоў скуры. Меркавана гэта адбываецца ў асноўным за кошт «усмоктвання» меланінам шкодных свабодных радыкалаў, якія ўтвараюцца ў скуры ў выніку гэтых шкодных уздзеянняў. Такім чынам памяншалася запаленне і ў цэлым паскараўся працэс гаення.

Тварэнне каманды вельмі нагадвае натуральны меланін — у той ступені, што ён, як сцвярджаецца, такі ж біяраскладальны і нетаксічны для скуры, як і натуральны (да гэтага часу ва ўсіх эксперыментах ён, здаецца, не ўсмоктваецца ў арганізм пры мясцовым ужыванні, зніжаючы такім чынам патэнцыйныя рызыкі бяспекі). Гэта можа дапамагчы аднавіць пашкоджанні скуры ў выпадках, калі патрэба ў меланіне не можа быць забяспечана натуральным меланінам у чалавечым арганізме. І больш за тое: сінтэтычная версія была дапрацавана, каб быць нават больш эфектыўнай у сваёй працы, чым звычайна.

«Замест таго, каб дазваляць радыкалам пашкоджваць бялкі, нуклеінавыя кіслоты і ліпіды, меланін іх паглынае. Гэта натуральная функцыя меланіну. Але мы зрабілі наш [прадукт] больш губчатым, так бы мовіць, каб аптымізаваць гэтую ўласцівасць», — кажа кіраўнік праекта ў каментары для Gizmodo.

У цяперашні час праца каманды фінансуецца Нацыянальным інстытутам аховы здароўя і Міністэрствам абароны ЗША. Сродак можа мець ваеннае прымяненне: так адзін з кірункаў даследаванняў правярае, ці можна яго выкарыстоўваць у якасці ахоўнага фарбавальніка для вопраткі, які б паглынаў нервова-паралітычны газ і іншыя таксіны з навакольнага асяроддзя. 

Але навукоўцы мараць яшчэ далей. Яны заснавалі кампанію, прызначаную для канчатковай камерцыялізацыі тэхналогіі. Яны плануюць распрацаваць сінтэтычны меланін для лячэння радыяцыйных апёкаў і іншых пашкоджанняў скуры. У сваім даследаванні яны ўжо паказалі, што іх сродак можа прадухіліць з'яўленне пухіроў і паскорыць працэс гаення ўзораў тканак толькі што пашкоджанай скуры чалавека. Зараз каманда плануе далейшае развіццё свайго «супермеланіну» як у якасці медычнага сродку для лячэння пэўных пашкоджанняў скуры, так і ў якасці патэнцыйнага сонцаахоўнага крэму і сродку супраць старэння скуры.

Але ж нават калі планы пойдуць менавіта так, як чакаюць даследчыкі, могуць прайсці гады, перш чым сінтэтычны меланін дасягне паліц аптэк. На дадзены момант праводзяцца даследаванні на жывёлах, каб яшчэ больш пацвердзіць бяспеку новага сродку.

Чытайце таксама:

Як правільна мыць твар, каб скура сказала вам дзякуй — расказваем

Чатыры вітаміны для сухой скуры

Касметолаг пра тое, як правільна кантактаваць з сонцам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?