Фота: Marlo Cueto / NurPhoto via Getty Image

Фота: Marlo Cueto / NurPhoto via Getty Image

Малі пражыла ў заапарку Манілы больш за 40 гадоў, дзе была адной з яго галоўных славутасцяў. Але яе самота ўжо даўно выклікала гнеў актывістаў, знакамітасцяў і простых людзей, якіх яе сумная доля кранала да слёз, піша Бі-бі-сі.

Адным з іх быў Пол Макартні, які неаднаразова прасіў улады перавесці яе ў слановы запаведнік.

Пра смерць Малі абвясціла мэр Манілы Хані Лакуна. У відэароліку ў сябе ў фэйсбуку яна распавяла, што візіты ў заапарк, дзе яна глядзела на сланіху, адносяцца да ліку яе самых радасных дзіцячых успамінаў.

Гісторыя хваробы

Асцярогі з прычыны здароўя сланіхі ўзніклі ў мінулую пятніцу, калі служыцелі і госці заўважылі, што яна ўвесь час трэцца хобатам аб сцяну, гэта служыла відавочнай прыкметай таго, што ёй балюча. Пра гэта паведаміў галоўны ветэрынар заапарка доктар Генрых Патрык Пенья-Дамінга.

Раніцай у аўторак Малі ўжо не магла падняцца на ногі, а толькі ляжала на баку і цяжка дыхала. Ветэрынар прапісаў ёй антыгістамінныя сродкі (прэпараты супраць алергічных рэакцый) і вітаміны, але ўвечары яе ўжо не стала.

Праведзенае ўскрыццё паказала, што анцігістамінныя ёй былі непатрэбныя: у яе выявіўся рак падстраўнікавай залозы і тлушчавыя адклады ў аорце.

На прэс-канферэнцыі Дамінга сказаў, што прычынай смерці стала вострая сардэчная недастатковасць.

Ён катэгарычна адхіліў абвінавачванні ў тым, што ветэрынары і супрацоўнікі заапарка кепска ставіліся да фізічнага і душэўнага здароўя сланіхі. «Мы ўсе былі яе сям'ёй», — запэўніў ён.

Самота даўжынёй у 33 гады

Малі, поўнае імя якой было Вішва Маалі, была падорана былой першай лэдзі Філіпін Імельдзе Маркас урадам Шры-Ланкі ў 1981 годзе, калі сланісе было ўсяго 11 месяцаў.

У той час у заапарку Манілы жыў яшчэ адзін слон, Шыва, які, аднак, памёр у 1990 годзе. З таго часу Малі была адзіным сланом у заапарку і адной з яго галоўных славутасцяў.

У разгар пандэміі Covid-19 у заапарку адкрылі цэнтр вакцынацыі, і сланіха забаўляла прывезеных на прышчэпкі дзяцей.

Актывісты-зоаабаронцы ўжо даўно крытыкавалі ўмовы ў заапарку Манілы і казалі, што яго персанал недастаткова падрыхтаваны для таго, каб у выпадку неабходнасці аказаць Малі неабходную медыцынскую дапамогу.

Яны патрабавалі адпусціць яе на волю, але адміністрацыя сцвярджала, што для самой сланіхі будзе лепш, калі яна застанецца ў заапарку, паколькі яна правяла ў вальеры ўсё сваё жыццё і проста не змагла б выжыць ва ўмовах, калі ніхто не будзе пра яе клапаціцца і прыносіць ежу.

«Частка нашага жыцця»

Пасля весткі пра смерць Малі ў сацыяльных сетках з'явілася мноства допісаў філіпінцаў розных пакаленняў, якія ўспамінаюць, што школьныя экскурсіі ў Манілу заўсёды ўключалі наведванне заапарка, каб паглядзець на Малі.

Многія з іх моцна перажываюць, што сланіха памерла ў адзіноце.

Адна карыстальніца ўзгадала, як упершыню ўбачыла Малі 11 гадоў таму.

«Убачыўшы Малі, якая бясконца хадзіла па коле, любы чалавек адчуваў, наколькі яна самотная. Гэта разбіла мне сэрца … і вось цяпер нам сказалі, што Малі памерла»»

«Сумна з-за смерці Малі, знакамітай сланіхі тут, на Філіпінах. Спадзяюся, сланоў больш не будуць замыкаць у заапарках», — напісаў іншы карыстальнік сацсеткі X.

Чытайце таксама:

Памёр самы стары сабака ў свеце. Ён пражыў 31 год

У Кітаі выратавалі каля тысячы катоў. Іх хацелі здаць на бойню замест свіней і бараноў

У Гомелі ратавальнік падчас нырання знайшоў косткі старажытнай жывёлы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?