Апалінарый Гараўскі нарадзіўся ў 1833 годзе ў маёнтку Наборкі Ігуменскага павета ў сям'і дробнапамеснай шляхты герба «Кораб». Ягоныя браты Караль і Гектар сталі прафесійнымі вайскоўцамі, а браты Іпаліт і Гілярый, як і ён, мастакамі.

Яшчэ ў дзяцінстве паказаў здольнасці да малявання. Вядомы архітэктар Мікалай Бенуа, які бываў у свайго дзядзькі, начальніка кадэцкага корпуса, дзе вучыўся Гараўскі, садзейнічаў яго пераводу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. У Акадэміі Гараўскі вучыўся ў Максіма Вараб’ёва і Фёдара Бруні. 

У 1855—1860 гадах атрымаў стыпендыю на ўдасканаленне майстэрства за мяжою, вучыўся ў навучальных установах і студыях у Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме, Парыжы, стажыраваўся ў вядомых еўрапейскіх майстроў. Па вяртанні ў Пецярбург у 1860 годзе атрымаў званне акадэміка жывапісу.

Вечар у Мінскай губерні. 1870-я

Вечар у Мінскай губерні. 1870-я

Гараўскі супрацоўнічаў з заснавальнікам Траццякоўскай галерэі Паўлам Траццяковым, з якім пазнаёміўся ў 1856 годзе. Браты Гараўскія часта наведваліся да яго і падоўгу гасцявалі. Вядома, што Траццякоў дапамагаў братам прадаваць карціны, а яны яму дапамагалі ў фарміраванні мастацкай калекцыі.

Хоць кар'ера Апалінарыя Гараўскага была звязаная са сталічным Санкт-Пецярбургам, творчасць яго тым не менш тэматычна непарыўна звязана з роднай Беларуссю.

Перыяд творчай актыўнасці мастака прыпаў на сярэдзіну — другую палову XIX стагоддзя — час кардынальных пераўтварэнняў у жывапісе, якія, аднак, зусім крыху закранулі стылістыку работы майстра. Старанна і добрасумленна зробленыя па ўсіх правілах акадэмічнай вывучкі краявіды, ілюзорна-рэалістычныя партрэты ўпісваюць творчасць мастака ў рэчышча акадэмічнага рэалізму сярэдзіны XIX стагоддзі.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі сёння ўпершыню за апошнія 40 гадоў будзе прадстаўлена панарама творчасці Апалінарыя Гараўскага ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Куратарам выстаўкі выступіць мастацтвазнаўца Юлія Лісай.

Куратарка Юлія Лісай на фоне абраза з выявай Марыі Магдалены. Кадр з рэпартажу Беларусь 1

Куратарка Юлія Лісай на фоне абраза з выявай Марыі Магдалены. Кадр з рэпартажу Беларусь 1

Вядомы ў першую чаргу як пейзажыст і партрэтыст Гараўскі таксама ствараў і рэлігійныя палотны. Адным з найбольш вядомых рэлігійных твораў з'яўляецца абраз Марыі Магдалены, які ўпрыгожваў у 1861 годзе барочны касцёл у Бялынічах, узарваны саветамі ў 1960-я. Пасля вайны яго пад Ленінградам адшукала дырэктарка музея Алена Аладава.

Яна стала адным з 18 палотнаў, якія паказалі на папярэдняй юбілейнай выстаўцы мастака, якая адбылася ў 1983 годзе. Пасля гэтай выставы большая частка твораў Гараўскага засталася ў музейных фондах.

Карціна «Старая моліцца» больш не лічыцца творам Апалінарыя Гараўскага. Фота: Wikimedia Commons

Карціна «Старая моліцца» больш не лічыцца творам Апалінарыя Гараўскага. Фота: Wikimedia Commons

Але за гэты час атрыбутацыя многіх твораў кардынальна змянілася. Выстаўка, якая працягнецца па 28 студзеня 2024, прадставіць новыя навуковыя адкрыцці ў галіне вывучэння творчасці і біяграфіі мастака, а таксама новыя атрыбуцыі яго твораў. 

Адной з карцін, якую перасталі лічыць творам Гараўскага стаў партрэт, вядомы назвай «Старая моліцца».

«Усе тыя рэчы, якія мы ведаем яшчэ па савецкіх публікацыях, публікацыях пачатку 2000-х, якія заўсёды былі бясспрэчнымі асацыяцыямі з Гараўскім, за апошнія гадоў пяць абсалютна памянялі ці свае назвы, ці перасталі быць Апалінарыем Гараўскім. Дзве карціны, якія заўжды лічылі карцінамі А. Гараўскага і былі вельмі вядомымі, перасталі быць працамі гэтага аўтара. Цяпер дзве карціны мы прыпісваем невядомаму мастаку.» — тлумачыць куратарка Юлія Лісай.

Выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Кадр з рэпартажа Беларусь 1

Выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Кадр з рэпартажа Беларусь 1

А беларускія краявіды на палотнах мастака, як выявілася пасля перакладаў замежнай перыёдыкі і кансультацыі з замежнымі калегамі, насамрэч з'яўляюцца замалёўкамі італьянскай вёскі і Пскоўскі краю.

Аснову экспазіцыі складуць творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Акрамя карцін самога Апалінарыя Гараўскага таксама будуць прадстаўлены работы яго настаўнікаў па Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу — творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб'ёва, а таксама брата мастака — пейзажыста Іпаліта Гараўскага, у тым ліку знакамітае палатно «Ля крыжа. Смерць паўстанца».

Чытайце таксама:

Загадкавая гісторыя адной скульптуры. Як Лукашэнка падарыў тое, чым не валодаў

У Нацыянальным мастацкім адкрылася выстаўка французскага мастацтва

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?