Расія стварыла на акупаваных тэрыторыях упраўленне, якое працуе так, як працаваў СМЕРШ у СССР, заявіў падчас шоу «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым» член камітэта Дзярждумы па абароне генерал-лейтэнант Андрэй Гурулёў, піша «Агенцтва».

«Мы казалі пра СМЕРШ, сёння стварылі ўпраўленне, якое такім прыкладна чынам працуе на новых тэрыторыях», — заявіў Гурулёў.

Ён таксама даў зразумець, што такая структура патрэбная і ў рэгіёнах: «Сёння нам спрабуюць перашкодзіць і ў тыле. Размаўляў з Далёкім Усходам, дзе ў нас падводныя ядзерныя лодкі, караблі нашыя. Ім таксама можа пагражаць небяспека, таму трэба крыху інакш да пытанняў абароны».

Назву «СМЕРШ» (скарачэнне ад «Смерць шпіёнам!») насілі структуры савецкай контрразведкі падчас Другой сусветнай вайны. СМЕРШ існаваў з 1943 па 1946 гады. Вядомыя выпадкі пазасудовых расправаў смершаўцаў над затрыманымі.

Дыскусія аб неабходнасці адраджэння гэтай структуры ідзе амаль год. За адраджэнне СМЕРШа выказваліся ўлады «ДНР», Крыма, дэпутаты Гурулёў і Андрэй Лугавы. Самым высокапастаўленым прыхільнікам распраў «па асаблівых правілах ваеннага часу» стаў намеснік кіраўніка Рады бяспекі РФ, экс-прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў.

У снежні мінулага года ў прарасійскіх тэлеграм-каналах з'явіліся здымкі, на якіх былі павешаныя жыхары Луганскай вобласці, пакараныя за дапамогу Кіеву. На грудзях у іх былі таблічкі з надпісамі. Яны абвяшчалі «здраднік луганскага народа» і «Ён перадаваў звесткі ворагу СМЕРШа».

Акрамя таго, у Telegram з'явілася адразу некалькі каналаў, у назве якіх было слова «СМЕРШ». Гэтыя каналы спецыялізаваліся на даносах на жыхароў акупаваных тэрыторый, якія не падтрымліваюць Расію, а таксама публікацыі сведчанняў пераследу іх расійскімі сілавікамі.

З чэрвеньскага допіса таго ж Гурулёва вынікала, што СМЕРШ яшчэ не быў створаны.

«У найбліжэйшай перспектыве неабходны СМЕРШ, ці такая ж структура з іншай назвай, каб у тыле быў парадак: блокпасты, татальная праверка, выяўленне шпіёнаў, паўнамоцтвы ўсе ў гэтым пытанні», — пісаў тады Гурулёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?