Які самы папулярны твор Максіма Багдановіча? Думаеце, «Зорка Венера»? Не. «Пагоня»? Таксама памыляецеся. «Слуцкія ткачыхі»? І тут адказ несуцяшальны. «Інтымны дзённік»! Мяркуючы па спасылках у Сеціве, менавіта ён засланіў сабою ўсю творчасць Максіма Багдановіча. Якая там «Зорка Венера», «кожную ночку на зорку дзівіцца» — гэта ж так архаічна! А што сучасна? Што-небудзь інтымненькае.

Стала ледзь не нормай падрабязней, чым творчасць, даследаваць прыватнае жыццё класікаў, ледзь не пад мікраскопам разглядаць іх пражытыя не напаказ дні.

Увішныя даследчыкі публікуюць высмактаныя з пальца донжуанскія спісы, падлічваюць колькасць пазашлюбных дзяцей і дэкалітры выпітай гарэлкі, на падставе абраных у якасці псеўданімаў імёнаў робяць сенсацыйныя высновы наконт сэксуальнай арыентацыі сваіх герояў.

Погляд праз замочную адтуліну зрабіўся ледзь не абавязковым ракурсам, без якога творы і жыццяпісы класікаў выглядаюць прэснымі і нецікавымі. Іх абавязкова трэба падсаліць!

«Каласы пад сярпом тваім»? Нуднаватае чытво. А ці траплялася вам кніжка «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча»?

«Мой свеце ясны» Міхася Стральцова? Паэзія? Не, нам падавай прозу жыцця. Ну, напрыклад, колькі часу Стральцоў правёў у выцвярэзніках…

А праўда, што ў Ларысы Геніюш у ГУЛАГу быў раман з князем Васілём Святаполк-Мірскім?

А праўда, што Цётка (яна ж Гаўрыла з Полацка, яна ж Мацей Крапіўка) была прыхаванай лесбіянкай?

І няма канца гэтай «прозе жыцця», гэтаму перабіранню чужой бялізны перад зацікаўленай публікай. Што ж, і асабістае жыццё класікаў не схаваеш у музейны сейф. Але як тут не згадаць сказанае ў Эклезіясце: «Усё мае свой час, і гадзіна кожнай дзеі — пад небам».

Памятаю, як выпадкова трапіў на спектакль па тым самым «Інтымным дзённіку». Паказ чамусьці адбываўся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Коратка перакажу сюжэт: на імправізаванай сцэне — ён і яна, спачатку — як Рэдактар і Журналістка. Журналістка з жарсным прыдыханнем паведаміла, што здабыла для публікацыі сенсацыйны матэрыял — дзённік Багдановіча. На рэзоннае пытанне значна менш сэксуальна заклапочанага Рэдактара: як жа гэта табе ўдалося? — маладзіца з забойчай шчырасцю адказвае: пераспала з дырэктарам Багдановічаўскага музея, вось ён і аддзячыў.

Затым тыя самыя акторы без змены дэкарацый паказалі такую сцэнку. Паэт (Максім Багдановіч) абвёў паўнюткую залю іскрамётным ад жарсці позіркам і зусім не шэптам, перапрашаю, прызнаўся: «У мяне ўстаў. Я задраў ёй спадніцу і паваліў на траву». У гэты час ягоная партнёрка (тэмпераментная, трэба сказаць, дзявуля) качалася па падлозе ў яўна перадчасным экстазе…

Гледачы яўна былі збянтэжаныя. Мой сусед, сярэдняга веку дзядзька, найбольш перажываў, што для акторкі не прынеслі з калідора канапу, і ёй давялося аголенымі плячамі коўзацца па халодным мармуры.

Што ж уяўляе з сябе багдановічаўскі «Інтымны дзённік», сцэнічную інтэрпрэтацыю якога бачылі тысячы (ён ішоў у адным з менскіх тэатраў), але мала хто бачыў першакрыніцу? Вось перада мною на стале — тэкст, некалькі занатовак, зробленых алоўкам. Так, пра блізкасць з жанчынай. Так, вельмі асабістых і адназначна не прызначаных для друку. Нават у самым поўным зборы твораў. А паколькі пісаў паэт не для чытача, скарачаючы і прапускаючы словы, то і прачытаць ягоныя запісы даследчыкі не змаглі.

Цалкам тэкст не ўдалося расшыфраваць нават Навукова-даследчаму інстытуту судовай экспертызы, расчытана толькі каля 800 слоў, якія часам немагчыма звязаць паміж сабой. 800 словаў перасыпаюцца, як шарыкі ў лататроне. І кожны канструюе з іх тую фігуру, якую сам захоча. У тэатры сканструявалі п’есу.

А мой знаёмы выдавец задумаў аднойчы выдаць выбраныя творы Максіма Багдановіча пад выйгрышнай з гледзішча маркетынгу назвай — «Інтымны дзённік». Кніга ўжо запускалася ў вытворчасць, а абавязковы для яе твор усё не знаходзіўся. Я паказаў шуканы тэкст выдаўцу, перакананы, што на варштат Скарыны ён не трапіць. Так і сталася. Выдавец прачытаў і расчаравана ўздыхнуў. Але — назву кнігі не змяніў. Так што «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча ў прыродзе існуе і можа падараваць вам хвіліны высокага чытацкага шчасця.

І ўсё ж не вядзіцеся вы на гэтую павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну. Самапавагі вам гэты занятак не дадасць, ды і на прыказку не варта забывацца, як цікаўнай Амілі нос прышчамілі.

Схадзіце да Максіма Багдановіча на Траецкую гару, да Якуба Коласа на плошчу яго імя, да Янкі Купалы ў надсвіслацкі парк. З адпаведнай адлегласці вы ўбачыце іх ва ўсёй велічы. А калі падыдзеце занадта блізка, пабачыце хіба шнуркі на іхніх чаравіках.

Чытайце таксама:

«Успомню Вострую Браму святую і ваякаў на грозных канях»: 10 мясцін, звязаных з Максімам Багдановічам

Гэта камандзір драўлянага войска з перунамі, стральцамі, зубрамі і мядзведзямі з Нарачанскага краю

«Ён ведаў, як пад носам у КДБ стварыць штаб нацыянальнага адраджэння»

«Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня?»

«Адказ мяне проста агаломшыў — «500 альбомаў па 500 узораў у кожным, усяго 250 000 пісанак»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?