Кожнае прадпрыемства ў краіне павінна быць уцягнутае ў інвестыцыйны працэс і актыўна займацца прыцягненнем замежных інвестыцый,

заявіў на пасяджэнні прэзідыума Саўміна 28 снежня прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі.

«Неабходна змяніць падыходы да арганізацыі інвестыцыйнай дзейнасці і перайсці ад кропкавага прыцягнення замежных інвестыцый для рэалізацыі асобных праектаў да шырокамаштабнага інвестыцыйнага супрацоўніцтва з патэнцыяльнымі інвестарамі, гатовымі працаваць з нашай краінай», — падкрэсліў прэм’ер‑міністр.

Ён нагадаў, што ў наступным годзе ў эканоміку Беларусі неабходна накіраваць 61,2 трлн. рублёў інвестыцый для выканання зацверджанага паказчыку па росце інвестыцый у асноўны капітал на 23‑25% да ўзроўню гэтага года. Неабходна забяспечыць прыцягненне і засваенне 5,6 млрд. долараў замежных інвестыцый, з якіх 2,7 млрд. долараў павінны скласці прамыя замежныя інвестыцыі.

«За гэтымі лічбамі стаяць напружаныя заданні па стварэнні новых і карэннай мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў, пашырэнне выкарыстання інавацыйных тэхналогій для павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі найперш для замежных рынкаў», — падкрэсліў Сідорскі.

Ён адзначыў, што сёлета прыняты шэраг нарматыўных дакументаў па ўдасканаленні інвестыцыйнай дзейнасці, у тым ліку дэкрэт прэзідэнта №10, якія стварылі спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый.

«Нам трэба разумна скарыстацца створанымі інструментамі для прыцягнення інвестыцый», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Сідорскі заявіў, што замежныя інвестыцыі могуць дапамагчы вырашыць праблему збалансаванасці знешнегандлёвага сальда краіны. «Мы ставім задачу з 2010 года выбудоўваць эканамічную дзейнасць так, каб у кароткі прамежак часу, за 3‑4 гады, выйсці на станоўчае сальда знешняга гандлю», — сказаў прэм’ер‑міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?