Нацыянальны банк Беларусі пакуль не будзе адмяняць забарону на валютнае крэдытаванне насельніцтва. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч 27 студзеня на прэс-канферэнцыі.

«Пакуль мы не плануем, што з 1 студзеня 2011 года вернемся да дазволу крэдытавання насельніцтва ў замежнай валюце»,

— сказаў кіраўнік Нацбанка. Пры гэтым Пракаповіч падкрэсліў, што гэтае пытанне будзе яшчэ абмяркоўвацца, у тым ліку з эканамістамі і насельніцтвам.

«Гэтае пытанне няпростае. Яно заключаецца ў тым, што мы павінны працаваць такім чынам, каб унутры краіны мы карысталіся беларускім рублём, а замежнай валютай — толькі ў выключных выпадках, напрыклад, для выезду за межы краіны», — растлумачыў кіраўнік Нацбанка.

«Калі ж мы пачынаем выдаваць крэдыты ў замежнай валюце, тады мы рызыкі вагання замежных валют перакладаем на сваё насельніцтва. І мы ў гэтай сітуацыі нічога не можам зрабіць. Што мы зможам зрабіць, калі заўтра што-небудзь здарыцца з той ці іншай вядучай сусветнай валютай?» — падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

Ён лічыць, што найперш неабходна думаць пра тое, каб рызыкі ў беларускіх грамадзян былі мінімальныя. «Бо нашы грамадзяне атрымліваюць заработную плату ў беларускіх рублях.

Чаму яны павінны аддаваць крэдыты ў доларах, еўра, шукаць іх, купляць. Які сэнс?» — заявіў кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, сёння ўсё пытанне заключаецца ў тым, што стаўкі па крэдытах у беларускіх рублях больш высокія, чым крэдыты ў замежнай валюце. У сувязі з гэтым Нацбанк мае намер паступова змяншаць стаўкі па рублёвых крэдытах і ў канчатковым выніку вывесці іх на ўзровень ставак па валютных крэдытах.

«Я глыбока перакананы ў тым, што мы павінны весці працу па дэдаларызацыі
і ўмацаванні нашай нацыянальнай валюты», — падкрэсліў кіраўнік Нацбанка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?