Пішу ў дзяржаўную структуру па‑беларуску, а адказы прыходзяць на расійскай мове.

Вось такая сітуацыя адбылася з адным з жыхароў Бабруйскага раёна, сябрам аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, спадаром Аляксандрам Леаненкам.

— 12 кастрычніка, — кажа ён, — я стаяў у Бабруйску на прыпынку і чакаў аўтобус № 13. Калі ён прыехаў, то памяняў шыльду з нумарам на 13‑А. Аднак аўтобус паехаў па маршруце № 13. Я звярнуўся ў бабруйскі аўтобусны парк №2. Мой ліст быў напісаны па‑беларуску, а адказ прыйшоў на расійскай мове. Там было напісана, што меры будуць прынятыя.

Праз два месяцы гісторыя паўтарылася. У гэты раз ужо жонка спадара Аляксандра села на аўтобус, які змяніў маршрут. Сам спадар Аляксандр чакаў у гэты час жонку разам з сынам на апошнім прыпынку.

Тады спадар Леаненка другі раз звярнуўся ў аўтапарк і настойліва папрасіў адказаць яму па‑беларуску. Адказ прыйшоў зноўку на расійскай мове. У ім было сказана, што ў адпаведнасці з Канстытуцый дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца расійская і беларуская. Прыярытэту Канстытуцыяй не вызначана. Асноўная перапіска з аўтапаркам ажыццяўляецца на расійскай мове. «Але гэта не значыць, што беларускую мову мы не лічам сваёю роднаю моваю», — падсумоўвае дырэктар аўтапарка №2 спадар Стэльмак.

Згодна з артыкулам № 5 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь»

«адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, расійскай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту» цягне за сабою адказнасць

згодна з дзеючым заканадаўствам. А Закон «Аб мовах» у артыкуле 4 абавязвае кожную службовую асобу «валодаць беларускай і расійскай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў». А ці не ёсць адказ на зварот такім службовым абавязкам?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?