Затрыманага ўчора, 6 мая, каля Вярхоўнага суда Аляксандра Казуліна будуць судзіць. Нібыта за тое, што ён гучна лаяўся матам, выказваў незадавальненне рашэннем суда па справе Мікалая Аўтуховіча і не падпарадкоўваўся міліцыянтам, якія спрабавалі яго сцішыць.

Працэс пачнецца 12 траўня (серада) аб 11‑й ў судзе Ленінскага раёна. Пра гэта расказаў сам экс‑кандыдат у прэзідэнты.

«Абвінавачваюць у тым, што, знаходзячыся ў грамадскім месцы, парушалі грамадскі парадак, крычалі, выказвалі незадавальненне рашэннем суда і «груба выказваліся нецэнзурнай лаянкай». А калі супрацоўнікі міліцыі ўказалі на гэта, то пачалі яшчэ больш груба выказвацца нецэнзурнай лаянкай».

Па словах палітыка, яго затрымалі ў той момант, калі ён ішоў ад будынка суда дахаты — на перакрыжаванні вуліц Леніна і Маркса. Прычым мэтанакіравана выхапілі з групы людзей, якія ішлі побач з ім. Палітыка АМАПаўцы моўчкі заштурхнулі ў аўтобус і не адказвалі на патрабаванні патлумачыць прычыны яго затрымання.

Казулін кажа, што яго міліцыянты не білі, а вось іншым хлопцам нагамі па рэбрам дасталося.

«Мяне — не, не білі. А вось хлопцаў маладых, якіх пасля мяне запіхвалі, тым нагамі збівалі. Яранёнку дасталася. І толькі калі я падскочыў, тады перасталі біць. А так — кінулі на падлогу і нагамі дадалі».

На думку палітыка, затрыманні гэтыя не былі выкліканыя бояззю міліцыянтаў, што людзі пойдуць ад суда на Кастрычніцкую плошчу і зладзяць там мітынг. Па яго словах, было відаць, што людзі проста разыходзяцца кожны па сваіх справах. І таму тлумачыць дзеянні міліцыянтаў не бярэцца.

Нагадаем, што 6 траўня Вярхоўны суд вынес вырак па так званай справе «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?