Як паведаміла старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Брэста Вікторыя Жарко, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, абвінавачваныя: 40-гадовы і 36-гадовы берасцейцы, а таксама 24-гадовы і 20-гадовы браты, якія жывуць у Брэсцкім раёне. Тры разбоі былі ўчынены імі ў Брэсце ў чэрвені, ліпені і верасні 2011 года з мэтай завалодання грашовымі сродкамі заможных грамадзян.

«Злачынцы ноччу ў чорных масках пранікалі ў дамы. Звязвалі людзей і, пагражаючы ім пісталетам і абрэзам стрэльбы, патрабавалі грошай. Забраўшы іх, уцякалі на аўтамабілі, на якім прыязджалі да месца злачынства. Падчас учынення аднаго з разбойных нападаў яны паранілі са зброі жыхара дома», — дапоўніла Жарко.

Такім чынам злачынцы завалодалі 25 тыс. 700 доларамі ЗША, 6.400 еўра, 600 украінскімі грыўнамі і 350 польскімі злотымі.

Пасля ўчынення трэцяга нападу адзін з іх быў затрыманы. Пацярпелая паспела націснуць кнопку ўстаноўленай у доме сігналізацыі. З месца злачынства быў забраны абрэз стрэльбы. Затым былі затрыманы трое астатніх хаўруснікаў, канфіскаваны 19 тыс. долараў ЗША і 1 тыс. еўра.

Суд прызнаў 36-гадовага, 24-гадовага і 20-гадовага вінаватымі ў набыцці, перавозцы, захоўванні і нашэнні агнястрэльнай зброі (ч. 3 арт. 295 КК) і разбоі, учыненым з пранікненнем у жыллё групай асоб з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры (ч. 2 арт. 207 КК), а таксама ў разбоі групай асоб з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры (ч. 3. арт. 207 КК), 40-гадовага — паводле ч. 3. арт. 207 Крымінальнага кодэкса.

36-гадовы і 24-гадовы прыгавораны да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі кожны, 40-гадовы — да 9 з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Усе з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строга рэжыму. 20-гадовы — да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Усе чацвёра — з канфіскацыяй маёмасці. З іх спагнаны нанесены пацярпелым урон, а таксама ў пакрыццё маральнага ўрону па 10 млн. рублёў кожнаму з чатырох пацярпелых.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. З абвінавачваных толькі 20-гадовы раней не судзімы. Усе чацвёра нідзе не працуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?