МЗС: Беларусь гатова прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расіяй у нармальнае рэчышча

17.03.2014 / 13:54

Беларусь зацікаўлена ў «стабільных палітычных, эканамічных, гуманітарных адносінах з суседнімі брацкімі краінамі», заявіў БелаПАН прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык на просьбу пракаментаваць сітуацыю ва Украіне і Крыме.

«Гатовы прыкласці ўсе магчымыя з нашага боку намаганні для таго, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расіяй у нармальнае рэчышча, — сказаў Мірончык. — Мы заўсёды гаварылі, што трэба знаходзіць варыянты для ўрэгулявання пытанняў дыпламатычнымі сродкамі праз дыялог і не дапускаць сілавога супрацьстаяння ні з аднаго боку». 

На пытанне, ці застаецца ранейшай пазіцыя Беларусі аб прыхільнасці тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якую абвясціў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прэс-сакратар МЗС адказаў: «Вы па-ранейшаму можаце выкарыстоўваць у поўным аб'ёме заявы, зробленыя кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў па ўкраінскай сітуацыі апошнім часам. МЗС не дэзавуюе ўсе зробленыя раней выказванні». 

Нагадаем, 3 сакавіка ў інтэрв'ю агенцтву BNS Макей, у прыватнасці, заявіў: «Мы зацікаўлены ў тым, каб Украіна засталася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай, незалежнай дзяржавай, каб там не было таго, што адбываецца сёння. Я назваў гэта трагедыяй».