Лукашэнка павіншаваў вернікаў з Вялікаднем

19.04.2014 / 14:16

Вялікдзень Хрыстовы — не проста свята, гэта сутнасць хрысціянства. Ён ўвасабляе ў сабе найважнейшыя чалавечыя дабрачыннасці — міласэрнасць, паразуменне і ўсёдараванне. Уваскрэсенне Хрыстова сімвалізуе перамогу праўды і высокіх маральных ідэалаў, надае жыццю вечны сэнс, усяляе веру ў будучыню. Аб гэтым гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі хрысціян Беларусі з Вялікаднем. 

«У цудоўныя дні велікодных урачыстасцей абуджаецца ўсё вакол, у сэрцах людзей пануюць радасць і любоў, умацоўваецца жаданне зноў і зноў тварыць добрыя справы», — прыводзіць словы віншавання прэс-служба Лукашэнкі.

Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічным, што сёлета Вялікдзень сустракаюць адначасова паслядоўнікі ўсіх хрысціянскіх цэркваў. «Сёння нам, як ніколі раней, неабходны адзінства духу і згуртаванасць. Толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх грамадзян краіны мы зможам зберагчы згоду і мір на роднай зямлі», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

«Няхай радасць велікоднага свята напоўніць кожны дом, кожную сям`ю святлом, дабром і надзеяй. І няхай ніякія выпрабаванні не разбураць наш унутраны духоўны лад і знешні светапарадак», — гаворыцца ў віншаванні.