Зарабілі на перапродажы быкоў і кароў 300 тысяч даляраў

За мяжу вывезлі 800 галоў жывёлы.

22.04.2014 / 15:25

Па інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, шасцёра жыхароў Мёраў займаліся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Па заніжаных цэнах яны набывалі быкоў і кароў жывой вагой у сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна, забівалі жывёлу і перапрадавалі пасярэднікам. Апошнія вывозілі мяса ў Санкт-Пецярбург, дзе распаўсюджвалі па рынках і гандлёвых сетках.

Па папярэдніх падліках, з мая 2013 па сакавік 2014 група скупіла і вывезла з Беларусі не менш за 500 быкоў і 300 кароў, атрымаўшы незаконны прыбытак у 3 мільярды рублёў (300 тысяч даляраў).

Падчас ператрусу ў затрыманых канфіскавалі золата, срэбра, валюту і беларускія рублі. Накладзены арышт на аўтамабілі і іншыя рэчы на суму 150 мільёнаў рублёў. Кіраўнік групы знаходзіцца пад вартай.

КМ