У Амстэрдаме адчыніўся першы ў свеце заапарк мікробаў

01.10.2014 / 15:05

У Амстэрдаме адчыніўся першы ў свеце заапарк мікробаў (Мікропія). Мікропія нагадвае вялізную лабараторыю, дзе месціцца мноства мікраскопаў, далучаных да вялікіх экранаў.

Мікропія размяшчаецца побач з гарадскім заапаркам Арціс, дырэктар якога шмат гадоў марыў адкрыць для наведвальнікаў цудоўны свет мікраўзроўню жывой прыроды.

Размнажэнне мікраарганізмаў дэманструецца з дапамогай трохмернага мікраскопа. Акрамя гэтага ў новым заапарку ёсць спецыяльныя сканеры, якія паказваюць, колькі мікробаў зараз жыве на целе наведвальніка, і дзе менавіта яны знаходзяцца.

«Мікробы паўсюль, таму мікрабіёлагі неабходныя практычна кожнаму сектару эканомікі: ахове здароўя, харчовай прамысловасці, будаўніцтву, нафтагазавай галіне, фармацэўтыцы. Калі мы пакінем мікрабіялогію невялікай групе экспертаў, у людзей ніколі не прачнецца да яе цікавасць. Наша мэта — паказаць наведвальнікам, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана і што мікробы з'яўляюцца найважнейшай часткай гэтых сувязяў», — распавёў дырэктар Мікропіі Хэйг Балян.