Нямецкая разведка: Малайзійскі «Боінг» над Данецкам збілі сепаратысты

19.10.2014 / 15:28

Часопіс Der Spiegel даведаўся змест дакладу Федэральнай разведвальнай службы Германіі (BND) аб прычынах падзення малайзійскага «Боінга» пад Данецкам. Кіраўнік BND Герхард Шындлер прадставіў даклад Парламенцкаму кантрольнаму камітэту 8 кастрычніка.

Па версіі нямецкага боку, віна за авіякатастрофу ляжыць на сепаратыстах- «апалчэнцах», якія збілі самалёт з дапамогай захопленага ва ўкраінскіх вайскоўцаў ЗРК «Бук».

Як піша Der Spiegel, падчас свайго выступу Шынлдер заявіў, што ўкраінскія і расійскія ўяўленні аб тым, што здарылася, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Аб датычнасці «апалчэнцаў» (прарасійскіх баевікоў-сепаратыстаў) да падзення «Боінга-777» загаварылі адразу пасля авіякатастрофы. Тыя ўсе абвінавачванні ў свой адрас абвяргалі, ускладаючы віну на ўкраінскіх вайскоўцаў.

Самалёт авіякампаніі Malaysia Airlines, які рабіў пералёт з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў катастрофу каля Данецка 17 ліпеня 2014. Усе 298 чалавек, што знаходзіліся на борце (пасажыры і члены экіпажу) загінулі.