У Данецку адбыўся моцны выбух: выбуховая хваля прайшла па ўсім горадзе

20.10.2014 / 14:49

Апоўдні ў Данецку прагрымеў магутны выбух, меркавана — у раёне хімзавода, паведамляе гарадскі савет.

«У 12 гадзін 10 хвілін у горадзе прагрымеў магутны выбух. Паводле папярэдніх звестак, ён адбыўся ў раёне Данецкага завода хімічных вырабаў», — гаворыцца ў паведамленні.

У мэрыі дадаюць, што выбуховая хваля прайшла па ўсім горадзе. Мясцовыя жыхары расказваюць, што праз яе ў многіх дамах павыляталі шыбы.

Расійскае агенцтва РІА «Новости» са спасылкай на «прадстаўніка МНС» самаабвешчанай «ДНР» паведамляе, што на ўскраіне горада, у пасёлку Гарняк выбухнула ракета «Кропка-У».

Кіраўнік прэс-цэнтра АТА Уладзіслаў Селязнёў заявіў, што вайскоўцы да гэтага выбуху не маюць дачынення.

«З 11:00 да 11:45 было баявое сутыкненне ў Данецкім аэрапорце. Стралялі з усяго, што толькі было ў баевікоў — стралковая зброя, АГС, мінамёты, гранатамёты. Нашы кібаргі гэтую атаку адбілі. Але яны працавалі лакальна, па кропках канцэнтрацыі баевікоў. У сам горад яны не стралялі», — заявіў ён.

«Па мірных грамадзянах вайскоўцы не працуюць, і ўжо дакладна мы не выкарыстоўваем такія рэчы, як «Кропка-У», як ужо пішуць у сетках», — дадаў Селязнёў.