Паралімпійскаму чэмпіёну Пісторыусу далі пяць гадоў турмы

21.10.2014 / 11:47

beeld.com

beeld.com

Паўднёваафрыканскі суд прысудзіў чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў Оскара Пісторыуса, прызнанага вінаватым у ненаўмысным забойстве сваёй сяброўкі Рывы Стынкамп, да пяці гадоў зняволення.

У верасні гэтага года суд прызнаў Пісторыуса вінаватым у ненаўмысным забойстве і адпусціў падсуднага пад заклад да вынясення прысуду.

Рыва Стынкамп была забітая ў лютым 2013 года. Пісторыус казаў, што забіў яе, па памылцы прыняўшы за рабаўніка.

Пракурор прасіў прызначыць паўднёваафрыканскаму лёгкаатлету пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам як мінімум 10 гадоў.

Абарона на працэсе Пісторыуса папрасіла прызначыць для яго пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на тры гады.

Суддзя Таказіле Масіпа сказала, што было вельмі складана вынесці правільны вердыкт, зрабіць так, каб пакаранне было суразмерна зробленаму.

Пісторыусу пагражала да 15 гадоў турмы.