Банда «пажарнікаў» у Гомелі здзейсніла новыя злачынствы

Члены злачыннай групоўкі адседзелі і папаліся на новых злачынствах.

27.10.2014 / 14:09

Працэс у 2010 г. над лідарамі групоўкі: Алег Чыркоў (З'ян), Генадзь Бярэзін (Пажарнік), Вячаслаў Ліцэнштэйн (Ліцэн).

У 1990-х групоўка «крышавала» ўвесь Гомель. Пасля іх накрылі сілавікі. І ў сярэдзіне 2000-х адправілі за краты. Праўда, не ўсім адмералі вялікія тэрміны. Хто атрымаў ад 3 да 8 гадоў, паспелі адляжаць бакі на нарах і выйсці на свабоду. З прагай дзейнасці — злачыннай. За гэтую восень былыя «пажарнікі» паспелі ўжо тройчы адзначыцца ў крымінальных хроніках.

20 верасня на адным з лецішчаў пад Гомелем прагучаў выбух. Пазней следчыя высветлілі, што такім чынам гараджанін хацеў правучыць былога кампаньёна па бізнэсе — адбіць у яго грошы.

Крымінальную справу завялі па «хуліганцы». 42-гадовы падазраваны арыштаваны.

Пры ператрусе ў яго доме знайшлі пісталет-кулямёт «Agram-2000» з глушыцелем і патронамі. А такі арсенал дадаў да багажу яшчэ адну справу — па незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй.

Другі падзельнік па групоўцы пасля вызвалення таксама вярнуўся да ранейшага: скалаціў групу з дзевяці чалавек і «крышаваў» гандляроў спайсамі.

Асноўныя фігуранты справы — маладыя людзі 22—24 гадоў. Схема была простая: пакунак псіхатропнага рэчыва прадавалі за 200 тысяч рублёў, з якіх чвэрць атрымліваў гандляр, астатняе асядала ў руках групоўкі. З аднаго такога гандляра «крыша» атрымлівала каля 10 мільёнаў у месяц. А хто не пагаджаўся так працаваць — не цацкаліся: у традыцыях 90-х вывозілі ў лес і прыстаўлялі да скроні пісталет. Тут ужо не пагадзіцца было складана. Але і іх справа ўжо накіравана ў суд.

Яшчэ адзін «пажарнік» адзначыўся ў Рэчыцы, у складзе арганізаванай групоўкі, якая займалася махлярствам.

Крымінальная справа толькі рыхтуецца да перадачы ў суд, але ўжо вядомыя некаторыя акалічнасці. Жыхар Рэчыцы займаўся турыстычным бізнэсам і вырашыў набыць новы аўтобус. Выпадковыя знаёмыя паабяцалі дапамогу і пераканалі камерсанта перадаць ім $22 тысячы. Неўзабаве прадпрымальніку паведамілі, што тых грошай для добрага аўтобуса не хапае. Прапанавалі ў пазыку $10 тысяч. Той пагадзіўся, а ўгоду замацавалі натарыяльна. Але ні грошай, ні аўтобуса бізнэсовец не ўбачыў. Пасля ўжо пачаўся пошук махляроў, затрымалі іх па дарозе ў Расію. Меркавалі там адсядзецца. Балазе, месцы для іх знаёмыя: акурат на абшарах Расіі і вылоўлівалі падчас расследавання ў пачатку двухтысячных «пажарнікаў».

* * *

«Пажарнікі»  — самае буйное ў сучаснай гісторыі Гомеля крымінальнае фарміраванне, якое ў сярэдзіне 1990-х налічвала да 100 маладых людзей ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. Па матэрыялах абвінавачання, арганізацыю ўзначалілі трое жыхароў абласнога цэнтра (З’ян, Ліцэн, Пажарнік). На працягу дзесяці гадоў яны займаліся рэкетам прадпрымальнікаў, кантралявалі прастытутак, валютчыкаў, таксістаў. На іх рахунку каля ста цяжкіх злачынстваў, у тым ліку згвалтаванні, рабаванні, махлярства, падпал.

Суды над «пажарнікамі» праходзілі ў Гомелі ў 2004—2010. У 2010 да 17 і 19 гадоў пазбаўлення волі былі прысуджаныя лідары групы, якіх затрымалі ў Маскве. Яшчэ каля паўсотні чалавек пасадзілі на тэрміны ад 3 да 16 гадоў.

Маштабная крымінальная дзейнасць «пажарнікаў» стала магчымай пры бяздзейнасці кіраўнікоў праваахоўных органаў вобласці.

Некаторыя з супрацоўнікаў пракуратуры і УУС стаялі на забеспячэнні ў бандытаў. Напрыклад, начальнік крымінальнага вышуку быў асуджаны потым да 18 гадоў пазбаўлення волі, яшчэ некаторыя аператыўнікі — да меншых тэрмінаў.

Юлія Шымкевіч, Гомель