«Аэрафлот» плануе адкрыць новы лаўкостар

29.10.2014 / 09:47

На змену нізкабюджэтнай авіякампаніі «Дабралёт», якая належыць расійскаму «Аэрафлоту», прыйдзе новы лаўкостар — «Перамога» («Победа»). У канцы ліпеня «Дабралёт» быў унесены ў санкцыйны спіс ЕС з-за маршрутаў у Крым, і ўжо 4 жніўня быў вымушаны cпыніць палёты.

У бліжэйшы час будзе запушчаны сайт авіяперавозчыка pobeda.aero.

У новую кампанію кіраўніцтвам «Аэрафлота» былі перададзеныя два Boeing-737, на якіх да санкцый лётаў «Дабралёт», і якія часова знаходзіліся ў эксплуатацыі даччынай кампаніі «Аэрафлота» — «Арэнбургскіх авіялініяў».

У сярэдзіне кастрычніка паведамлялася, што «Победа» плануе асвоіць нізкабюджэтныя палёты ў Сургут, Перм, Екацярынбург, Уфу, Самару, Казань, Валгаград, Белгарад і Цюмень.

У аўторак, 28 кастрычніка, прадстаўнік новай авіякампаніі адзначыў, што лаўкостар будзе лётаць па маршрутах пацярпелага ад санкцый «Дабралёта». Ці будзе новы перавозчык браць курс на Крым пакуль не паведамляецца.

Фарыд Беррашэд