Заўтра у Брэсце зачыніцца найстарэйшая мэблевая фабрыка

Яна была заснавана ў 1956 годзе на базе арцелі «Стаханавец».

14.11.2014 / 19:43

У фабрыкі вялікі вопыт вытворчасці корпуснай мэблі для дома і гасцініц. Фота virtualbrest.by.

Уласнік Брэсцкай мэблевай фабрыкі — ААТ «Івацэвічдрэў» — 5 верасня 2014 на сходзе акцыянераў прыняў рашэнне аб ліквідацыі некалі аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў горада. Цяпер усе паўнамоцтвы перайшлі да ліквідатара — брэсцкага ТАА «Цэнтр прававых паслуг».

На працягу апошніх чатырох гадоў фабрыка мела хранічныя страты. Даўгі прадпрыемства склалі каля 20 млрд рублёў.

Пралікі маркетынгу і адсутнасць абаротных сродкаў — асноўныя прычыны закрыцця, паведамляе «Вячэрні Брэст».

На старым і зношаным абсталяванні выраблялі нікому не патрэбную прадукцыю, што ў асноўнай частцы заставалася на складах.

Усе 86 работнікаў фабрыкі, якія і так знаходзіліся ў вымушаных адпачынках, атрымаюць трохмесячную выхадную дапамогу.

Фарыд Беррашэд