Хлопец, які скінуў 70 кг, стаў зоркай ЮТуба, паказаўшы абвіслую скуру, якой перастаў саромецца ВІДЭА

21-гадовы хлопец з Каліфорніі Джон Дэвід Глод важыў 170 кг, а зоркай яго зрабіла шчырасць.

15.11.2014 / 14:19

Многія скідаюць вагу. (Праўда, нямногім удаецца скінуць аж 70 кілаграмаў.) Але мала хто настолькі шчыра паказвае сваё цела пасля пахудзення.

Калі Джон у майцы, ён круты. Але варта яму зняць саколку, як паказваецца абвіслая скура. Яна расцягнулася, і яе не прыбярэш.

«Калі я апрануты, я адчуваю сябе добра. Але і раздзетым я сябе не пачуваю не так ужо і некамфортна», — расказвае Глод.

Глод раздзяецца перад камерай, і відна абвіслая скура пад накачанымі цяпер грудзямі, унізе жывата, пад пахамі. 

Абвісанне скуры — тыповае наступства пахудання. Хоць яно і непрыгожа, але ўсё адно для здароўя лепш схуднець!

Глод расказвае, што страціць вагу псіхалагічна нашмат цяжэй, чым тое расказваюць яркія рэкламы дыет і «спальвання тлушчоў». І хлопец падкупляе сваёй чыста амерыканскай пазітыўнасцю: «Я зрабіў гэтае відэа, бо я дагэтуль не магу прымірыцца да канца, з тым, што выйшла. Я хацеў мець дасканалае цела, але гэта не мой выпадак. Ну і норм! Я ганаруся тым, ад чаго да чаго я прыйшоў і чым я стаў!» — кажа ён, хоць ягоны голас часам зрываецца ад хвалявання.

Паглядзіце відэа і ацаніце дасягнутае пацаном.

Сяргей Гезгала