Пра тэлеканал СТВ: колькі можна гвалціць людзей?

28.11.2014 / 17:43

Так ужо склалася, што з усіх каналаў беларускага тэлебачання па інфармацыйных перадачах аддаю перавагу каналу СТБ. Звычайна гляджу ў 19:30 «24 гадзіны». Стараюся паглядзець і «Міншчыну». Але яе транслююць у нязручны для мяне час. Таму і бачу гэту перадачу зрэдку.

У свой час звярнуў увагу на дыктара «Міншчыны» Сяргея Манько, які гаварыў крыху гугнява, але вымаўленне ў яго было натуральным, мяккім. На нейкі час ён знік з эфіру. Потым з’явіўся зноў, ужо ў якасці рэпарцёра. Цяпер ён гаварыў толькі па­руску, што, натуральна, здзівіла. Размовы новаспечанага рэпарцёра з людзьмі, якія яму адказвалі па­-беларуску, дакладней, на трасянцы, непрыемна кранулі.

Відаць, таму, што перадачы «Міншчыны» бачу зрэдку, а рэпартажы ў іх сп. Манько адносна кароткія, тая непрыемнасць крыху забылася. Аднак 5 лістапада давялося паглядзець перадачу «Цэнтральны рэгіён», якая была прысвечана найлепшаму паштальёну Міншчыны сёлета Дануце Іванаўне з вёскі Морач Клецкага раёна. Вядоўца перадачы, ужо знаёмы сп. Манько, наважыўся адшукаць крыніцы поспеху гэтай паштаркі шляхам асвятлення яе работы на працягу цэлага працоўнага дня, як у межах пошты, так і па сваёй прасторы дзейнасці.

Было бачна, што Данута Іванаўна ўсхваляваная і напружаная, што кабеце няёмка, падобнае становішча натуральнае.

І зразумела: не кожны дзень трапляеш «у скрыню», дый інтэрв’юеру трэба неяк «адпавядаць». Яна старанна падбірала словы, а атрымлівалася як заўсёды — на трасянцы. Тут сп. Манько варта было разрадзіць напружанасць, падтрымаць суразмоўцу ды загаварыць проста па­-беларуску (пэўна, яшчэ не забыў свае дыктарскія звычкі). Так зрабіў бы кожны добры журналіст. Дык не, сп. Манько як быццам не хацеў звяртаць увагі на няёмкае становішча паштаркі і працягваў дапытваць жанчыну па-­руску. Потым ён вёў размову з нейкай рускай, якая нейкім чынам трапіла ў тую вёску, а затым — з загадчыцай пошты, якая таксама прадэманстравала сваё веданне рускай мовы. У абедзвюх апошніх размовах усё атрымалася больш­менш натуральна.

На гэтым высвятленне паштовых праблемаў і сувязяў у вёсцы Морач не скончылася. Сп. Манько, несумненна, для лепшага вырашэння пастаўленай мэты, працягнуў допыты лаўрэата года Міншчыны і жыхароў вёскі. Яны, канешне ж, стараліся «адпавядаць», адказваючы сп. Манько на трасянцы. А ён па­ранейшаму паводзіў сябе сярод іх іншаземцам.

Амаль палову гадзіны працягваўся ў эфіры гэты рэпартаж, ад якога засталося цяжкае ўражанне. Як можна так непаважліва ставіцца да людзей?

Каму спатрэбілася падобная дэманстрацыя рускасці ў беларускім асяроддзі, ды яшчэ ў перадачы, прызначанай для тых жа беларусаў? 3 якой мэтай гэта так зацята робіцца? Няўжо дзеля таго, каб падказаць мясцовым жыхарам, якая мова больш «прыстойная і правільная» і якой ім жадана карыстацца?

Сумняваюся, што гэта ініцыятыва самога сп. Манько. Хутчэй за ўсё, яму так загадала кіраўніцтва тэлеканала. Колькі яшчэ часу яно будзе навязваць нам свой моўны густ?

Генадзь Шэршань, Мінск