Дзяўчына чакае працяг. Толькі больш дасканалы

21.11.2014 / 10:50

Так атрымалася, што сярод маіх самых блізкіх сяброў толькі я маю поўную сям'ю. Мае бацькі сталі шмат для каго другім домам і нават другой сям'ёй. Калі я вучылася ў школе, фактычна, кожны вечар у нас дома былі пасядзелкі на кухні. Часам прыходзілі не да мяне, а проста да бацькоў, каб папіць з імі гарбаты і пагутарыць пра жыццё.

Тата мой быў доўгі час адзіным мужчынам у нашай дзявочай кампаніі. Нягледзячы на мае даволі складаныя з ім адносіны, усе самыя яркія моманты дзяцінства я звязваю з ім.

Я магу шчыра сказаць, што ў мяне было цалкам шчаслівае дзяцінства. Магчыма, я хацела, каб ён быў больш пяшчотны са мной і замест аўтаматаў ў мяне было больш барбі, але я цяпер не шкадую і нават рада такому раскладу. Бо інакш я была б ўжо не я, а нейкая іншая дзяўчынка. Цяпер я разумею гэта як ніколі раней. Я крочыла сёння па горадзе і адчувала першы снег. Узгадвала, як кожную зіму тата будзіў мяне і клікаў хутчэй бегчы глядзець, як вуліцы становяцца белымі ад снегу. Мы сядзелі з ім на маёй тахце ля вакна разам з маім былым сабакам Цімкам, сядзелі і маўчалі, глядзелі на мінакоў. Сачылі за тым, як снег падае ў святле ліхтароў. Словы былі непатрэбныя. І так фактычна кожны вечар.

Мы хадзілі з татам, з мамай і Цімам катацца на горках, разам рассякалі на санках з горак, кожныя выходныя хадзілі ў паходы. Бралі смачняшак, апраналіся цёпла-цёпла і крочылі ў лес. А там цішыня і вогнішча. Тата распавядаў мне пра птушак і вучыў разумець лес. Тады зімы былі снежнымі і для нас было традыцыяй ісці разам шукаць елку. Малы сабака Цімка тануў у снезе, прыходзілася браць яго на рукі, і так гадзінамі мы шукалі нашую зялёную прыгажуню. Цяпер мне так гэтага бракуе. У самыя цяжкія моманты я ратую сябе вось гэтымі шматлікімі ўспамінамі, якіх так шмат, што хопіць на ўсё жыццё. Цяпер, на жаль, усё трошкі змянілася. Цеплыня засталася, а казка знікла. Я тут. Я блукаю ўвечары па горадзе і гляджу на людзей. І так, я цалкам згодна з тым, што дзяўчыны ў мужчынах шукаюць рысы свайго бацькі. Толькі яшчэ больш дасканалы працяг. І часам мне падаецца, што для мяне такіх няма.

Вольга Гарапучык