«Мінсктранс» пацвердзіў падаражанне праезду ў грамадскім транспарце

25.11.2014 / 17:30

Фота Кірыла Хілько.

Праезд у грамадскім транспарце Мінска падаражэе да Br4,5 тыс. да канца першай дэкады снежня, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Ірына Якубоўская.

Да канца першай дэкады снежня праезд у грамадскім транспарце падаражэе на Br500 і складзе Br4,5 тыс. Талон у вадзіцеля будзе каштаваць Br5 тыс., праезд у аўтобусах экспрэс-маршрутаў — Br6 тыс.

Таксама ў снежні ў Мінску будуць уведзены ў дзеянне новыя віды праязных. На адной бескантактнай картцы можна будзе запраграмаваць на месяц, паўмесяца, дэкаду праязныя білеты на аўтобусы рэгулярных экспрэсных маршрутаў, сумешчаныя з іншымі відамі грамадскага транспарту. Пасажырам таксама стануць даступны бескантактныя смарт-карткі з пэўнай колькасцю паездак на экспрэсы.