Як сям'я кіраўніка амерыканскай дыпмісіі святкуе Дзень дзякавання ФОТАРЭПАРТАЖ

28.11.2014 / 21:49

27 лістапада амерыканцы адзначаюць адно з галоўных святаў у ЗША — Дзень дзякавання. «Наша Ніва» паглядзела, як святкуюць Дзень падзякі ў доме паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Скота Роланда.

Паводле статыстыкі, у ЗША пражывае каля 750 тысячаў выхадцаў з Беларусі. У Беларусі ж амерыканцаў зусім няшмат. Увечары 27 лістапада некаторыя з іх сабраліся ў мінскай рэзідэнцыі паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Скота Роланда і яго жонкі Фрэнсіс Роланд, каб разам з суайчыннікамі адзначыць Дзень дзякавання. На фота: Стол, падрыхтаваны да святочнай вячэры — галоўнай традыцыі свята.

Скот Роланд кажа, што сёлета ў ЗША каля 41 мільёна чалаек пусціліся ў падарожжа, каб адсвяткаваць Дзень падзякі разам са сваімі блізкімі. «На аўтадарогах, у аэрапортах — аўрал, усе едуць да сваякоў. Бо сэнс Дня дзякавання ў тым, каб быць сабрацца з сям'ёю, з сябрамі. Усё накіравана на гэта. Мой любімы фільм да Дня дзякавання — «Самалётам, цягніком, аўтамабілем». У ім два мужчыны робяць усё магчымае, трапляюць у дзіўныя сітуацыі толькі дзеля таго, каб дабрацца да сваіх сем'яў на Дзень дзякавання».

У доме Роландаў шмат рэчаў з іншых краін свету. Ёсць і беларускія сувеніры. 

Гісторыя Дня падзякі пачынаецца яшчэ ў 17-м стагоддзі, калі на караблі «Мэйфлауэр» у Паўночную Амерыку прыплылі першыя пасяленцы. На жаль, пасяленцы дасягнулі берага будучых ЗША ў лістападзе і не паспелі абжыцца на новай зямлі. Падчас суровай зімы загінула больш за палову са ста пілігрымаў. Аднак увесну індзейцы навучылі пілігрымаў асаблівасцям мясцовага земляробства, і тыя сабралі багаты ўраджай. На фота: Кухар паверанага ў справах ЗША запякае індычку да святочнай вячэры. 

Увосень 1621 года пілігрымы адзначылі першае свята ўраджаю — Дзень дзякавання, на які запрасілі і карэнных амерыканцаў. Кажуць, што індзейцы ў якасці падарункаў прынеслі дзікіх індычак. Так з'явілася галоўная страва Дня падзякі — запечаная індычка. На фота: галоўная страва Дня падзякі — запечаная індычка. 

Індычку падаюць з гарнірам з тушанай гародніны і з бульбяным пюрэ. Да птушкі падаюць спецыяльную поліўку і журавінавы соус.

Бульбяное пюрэ служыць папулярным гарнірам не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША. 

Кухар выпякае французскі хлеб. 

Яшчэ адна традыцыйная страва да Дня дзякавання — пірог з гарбузоў. 

Скот Роланд вызваляе месца пад бляху з індычкай. 

Індычку дастаюць з духоўкі і адносяць на стол.

Госці збіраюцца вакол галоўнай стравы. 

Кульмінацыя вечара — індычка дзеліцца паміж гасцямі. 

Акрамя пюрэ на гарнір ідзе тушаная гародніна. 

Пасля вячэры Скот Роланд запрашае гасцей глядзець разам глядзець футбольны матч.

Кірыла Хілько