Праект Books From Belarus знайшоў першага замежнага выдаўца для беларускай кнігі

Дзякуючы ініцыятыве беларускіх незалежных выдаўцоў раман Ігара Бабкова «Хвілінка. Тры гісторыі» выйдзе на славацкай мове.

05.12.2014 / 15:36

Кніга «Хвілінка. Тры гісторыі» прынесла Ігару Бабкову першае месца на прэміі Гедройца ў чэрвені гэтага года. На пачатаку снежня «Хвілінка» была прызнаная найлепшым усходнееўрапейскім раманам года. Урыўкі з яе можна пачытаць тут.

Гэта першы выпадак, калі Books From Belarus знайшоў замежнага выдаўца для беларускай кнігі. Ініцыятыва паспяхова спрацавала ў ролі літаратурнага агента на замежжа.

Як распавяла «Нашай Ніве» Дар’я Вашкевіч, адна з куратараў «Books From Belarus», славацкія выдаўцы ведалі аб творчасці Бабкова і да прэміі, але тая стала штуршком да выдання кнігі для Славакіі і Чэхіі.

Праект Books From Belarus уключае шэраг твораў актуальных беларускіх пісьменнікаў. «Тыя кнігі, што ў нас у каталогах, гэта прыклад, выбарка сучаснай беларускай літаратуры», — тлумачыць Вашкевіч.

Алесь Жарскі