Немцы разглядаюць камп’ютар на ролю прадказальніка злачынстваў

Нямеччына разглядае магчымасць выкарыстання праграмнага забеспячэння, якое падкажа час і месца з найвышэйшай імавернасцю злачынства, перадае dev.by.

08.12.2014 / 17:57

Падобную праграму ўжо выкарыстоўваюць у ЗША. На здымку: маршрут для паліцэйскага патруля, складзены праграмай паліцыі Санта-Круза, Каліфорнія

Цяпер выпрабаванні сістэмы прадказання злачынстваў праходзяць у Баварыі.

У выпадку поспеху праграму пачнуць выкарыстоўваць па ўсёй краіне.

Нямецкая праграма «Pre-Crime Observation System» вылічвае імавернасць злачынстваў у тых ці іншых каардынатах з улікам папярэдняй статыстыкі. Вядома, што ёсць болей небяспечныя раёны і болей небяспечны час – праграма аналізуе набраныя звесткі па злачынствах і прапануе найбольш «гарачыя» кропкі.

Пакуль выкарыстоўваюцца ананімныя звесткі, але паліцыя папярэджвае, што ў будучыні можа перайсці і на неананімныя.

Падобная сістэма ўжо дзейнічае ў асобных гарадах у ЗША.

Першым яе прыняў горад Санта-Круз, Каліфорнія. Праграма складае маршруты для патрулёў праз патэнцыйна «гарачыя» кропкі, пазначаючы імавернасць злачынстваў у бліжэйшыя 24 гадзіны ў кожным квадраце 150 на 150 метраў. Толькі за першы месяц дзякуючы праграме колькасць нападаў знізілася на 9%, крадзяжоў – на 11%, рабаванняў – на 27%.