Захоп закладнікаў у Сіднэі: трое забітых, чацвёра параненых

15.12.2014 / 23:08

Тры чалавекі загінулі і чацвёра атрымалі раненні ў выніку захопу закладнікаў у кавярні Lindt у бізнэс-квартале Сіднэя.

Прыкладна а другой гадзіне ночы па мясцовым часе аўстралійская паліцыя штурмавала кавярню, дзе ўзброены мужчына больш за 16 гадзін утрымліваў закладнікаў. Як толькі пачаўся штурм, пачуліся выбухі і стральба.

Як паведаміла паліцыя, былі забітыя двое закладнікаў і сам захопнік. Як мяркуецца, паліцыянты таксама выкарыстоўвалі выбуховыя пакеты, каб дэзарыентаваць злачынцу.

Перад гэтым з кавярняў выбеглі, прынамсі, шэсць чалавек. Неўзабаве пасля пачатку штурму выбеглі яшчэ больш за дзесяць. Некалькі чалавек вынеслі на насілках.

Прадстаўнік паліцыі паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Сіднэі, што спецпадраздзяленні пачалі штурм пасля таго, як з'явіліся асцярогі, што жыццё закладнікаў апынулася пад рэальнай пагрозай.

Паводле яго слоў, спачатку паліцыя лічыла, што непасрэдна пагрозы для жыцця закладнікаў у ходзе перамоваў з захопнікам не было. Але проста перад штурмам сітуацыя змянілася.

Раней паліцыя Аўстраліі назвала імя чалавека, які ўтрымліваў закладнікаў - гэта 50-гадовы Ман Харон Моніс, бежанец з Ірана, які атрымаў у Аўстраліі палітычны прытулак.