Франак Вячорка: Я ведаю, што ўсё раблю правільна

Сёлета «Наша Ніва» назвала Чалавекам года Франака Вячорку і іншых папулярызатараў вышыванкі

24.12.2014 / 13:14

Беларусы адзеннем падкрэсліваюць уласны нацыянальны гонар. Гэта дэманстратыўны — у прамым і пераносным сэнсе слова — супраціў палітыцы русіфікацыі. І тут стала ясна, беларусам быць модна. Франак Вячорка быў адным з тых, хто прыклаў найбольш намаганняў па папулярызыцыі вышыванак.

«Наша Ніва»: Франак, а хто для цябе Чалавек года?

Франак Вячорка: Міхаіл Жызнеўскі. Ягоны ўчынак на Майдане натхніў многіх. І, магчыма, без яго не было б і гэтай хвалі ўздыму сярод беларускай моладзі. З Майдану ўсё пачалося.

«НН»: Як думаеш, незадаволеных тваёй асобай будзе шмат?

ФВ: У нас любая навіна выклікае срач у інтэрнэце. Зрэшты, срач — гэта добра, бо гэта дыскусія, у якой нараджаецца ісціна. І тая дыскусія вакол Бахарэвіча, які мае альтэрнатыўную пазіцыю і лічыць, што вышыванкі — гэта вясковасць, таксама карысная. Канечне, ягоныя аргументы слабыя. Але няхай гэта абмяркоўваецца, людзі задумаюцца.

«НН»: У цябе ў жыцці шмат зайздроснікаў?

ФВ: Вядома. Часам робіш, а цябе тварам у бруд. Але калі я і пакутаваў, трапляў на суткі, то заўсёды ведаў за што. І пасля арміі я шмат чаму навучыўся.

«НН»: Шмат ад каго можна пачуць, што Франак Вячорка — вельмі самазакаханы чалавек.

ФВ: Значыць, яны мяне не ведаюць. Я не самазакаханы, я нават няўтульна сябе адчуваю, калі мяне фатаграфуюць. Я проста люблю сваю працу і ведаю, што ўсё раблю правільна. Магчыма, мая бескампрамісная пазіцыя падаецца ўпартасцю. Ммногім гэта не падабаецца. Але цяпер такі час, што беларусы мусяць умець за сябе пастаяць.

«Вышыванка — гэта схаваны пратэст»

«НН»: Тады вернемся да вышыванак, дзякуючы якім ты і стаў Чалавекам года. Адкуль з’явілася ідэя?

ФВ: Гэта было ў паветры, мы з «Арт-сядзібай» проста падхапілі ідэю і ператварылі гэта ў трэнд. Я зрабіў першы наклад вышымаек.

«НН»: Вышымайкі напачатку вельмі крытыкавалі. Казалі, маўляў, ніякая не вышыванка, а нейкі прынт.

ФВ: Дык і час цяпер іншы. Само слова «вышыванка» даволі новае для Беларусі. Цяпер жа яно асацыюецца з гэтай хваляй беларушчыны. І ўлада, як бы яна ні хацела гэтую хвалю асядлаць — не зможа.

«НН»: Дык яны асабліва і не спрабуюць.

ФВ: Спрабуюць. Яны займаюцца дробным шкодніцтвам. Калі б яны хацелі гэта падтрымаць, то ператварылі б гэта ўсё ў абавязалаўку. А пакуль гэта жывая ініцыятыва, якая мае вялікую каштоўнасць. Хваля вышыванкі — гэта схаваны пратэст. Улада пакуль не сфармавала аргументы і абгрунтаванне таго, чаму гэта варта забараніць. Беларускі арнамент ёсць на лукашэнкаўскім сцягу, імітацыя вышыванкі ёсць ва ўсіх гэтых дзяржаўных калектывах.

«НН»: Чый здымак у вышымайцы ты лічаш самым вялікім поспехам?

ФВ: Міс Беларусь 2004 і 2008 года ў часопісе ICON. Грыбалёва. Радзівонаў і Герасіменя выступілі ў вышымайках нават на АНТ. Вышыванак разышлося каля чатырох тысяч.

«НН»: А як упэўніць таго ж самага Бахарэвіча, што вышыванкі — гэта не сялянская плынь?

ФВ: Бахарэвіч выступае супраць усяго, што створана не ім. Таму заганяцца тут не варта. Нашая ж мэта зрабіць так, каб усё гэта вышымайкай не абмежавалася. Трэба дадаць сюды і іншыя аспекты нашай культуры. Вось чаму Лукашэнка перамагае? Бо ён мае форму, а змест пусты. У нас жа ёсць змест, а форма кульгае.

«Варта выпінаць сваю беларушчыну»

«НН»: А ты сам цяпер заўсёды ходзіш у вышыванцы?

ФВ: Імкнуся рабіць гэта заўсёды. Шмат хто пытаецца пра тое, дзе знайсці вышыванкі, і я кірую іх на «Арт-сядзібу» да Паўла Белавуса. Я ўвогуле скажу, што мы рулім. Сваімі ідэямі і ініцыятывамі свядомая моладзь можа шмат чаго змяніць. Не так даўно на адным з мерапрыемстваў да нас падышоў зэк і сказаў: «Калі вы размаўляеце па-беларуску, рабіце гэта гучна, каб вас усе чулі. І іншым тады будзе сорамна». Мне гэта вельмі запомнілася. Хопіць быць сціплымі беларусамі. Варта ўжо пачаць выпінаць сваю беларускасць. Людзі мусяць бачыць.

«НН»: Франак, а ці праўда, што ты цалкам сышоў з палітыкі?

ФВ: Так. Я займаюся журналістыкай і грамадска-культурнай дзейнасцю.

«НН»: Раней жа ты быў палітактыўны?

ФВ: У Беларусі палітыкі больш няма. Палітычнае поле знішчана, як і палітычныя партыі, якія дэградуюць.

«У войску было яшчэ горш, чым у кіно»

«НН»: Шмат нараканняў атрымаў фільм «Жыве Беларусь». Нібыта з дапамогай яго ты знайшоў магчымасць «распіліць» два мільёны даляраў.

ФВ: Я думаю, фільм дасягнуў сваёй мэты. Ен быў разлічаны на замежных гледачоў і прыцягнуў увагу да Беларусі. Ён атрымаў 8 міжнародных узнагарод. Што тычыцца грошай: я іх у руках не трымаў. Яны выдаваліся польскім урадам для польскай кінастудыі.

«НН»: Мірон Захарка — гэта ты?

ФВ: Гэты герой — зборны вобраз з мяне і маіх аднадумцаў. Такіх людзей, як Наста і Зміцер Дашкевічы, як Андрэй Кім. Вядома, што большая частка ў ім мяне. Шмат хто кажа пра непраўдападобнасць сюжэта. Але ў арміі было яшчэ горш, чым паказвалася ў фільме! «Жыве Беларусь», безумоўна, вельмі ўтрыраваны. Але каб глядач сказаў «ваў», патрэбна згусціць фарбы. Гэта прынцып мастацтва.

«НН»: Наконт таго, што ў арміі было яшчэ горш, чым у фільме. Наколькі расказваюць палітпрызаўнікі, да іх ніколі фізічная сіла не прымянялася.

ФВ: Супраць мяне таксама. Знішчаюць псіхалагічна. Фізічную сілу прымянялі да маіх знаёмых. І гэта нашмат горш, калі за цябе церпяць іншыя. З цябе робяць чалавека, які вінаваты ў пакутах іншых. Прыязджалі ж з БТ і здымалі пра мяне фільм у войску. Паказвалі, які я не патрыёт.

«НН»: Як на цябе паўплывала армія, якім ты стаў?

ФВ: Я шмат чаго кепскага забыў. Гэта добрая ўласцівасць памяці. Засталася нават настальгія па тым, як мы там парушалі дысцыпліну, скакалі цераз плот, халтурылі і не мылі падлогі. Але ёсць рэчы, якія я прабачыць не магу, — гэта здрада блізкіх і сяброў. Я пераканаўся ў наступных рэчах. Па-першае, нельга кожнаму верыць і давяраць. Па-другое, калі ты маеш сваю каманду, сваіх людзей, ты мусіш усімі сіламі яе падтрымліваць і развіваць.

«Імідж донжуана штучны»

«НН»: Нядаўна можна было прачытаць у тваім Фэйсбуку, што галоўны рэжысёр «Авеля» прапаноўваў табе супрацу. Якім чынам?

ФВ: Сяргей Ждановіч ужо некалькі год набіваецца ў сябры. Задобрываў і запрашаў на ўсе свае прэзентацыі. Мяне запрашалі ў якасці памочніка рэжысёра, потым прасілі дапамагаць з перакладам, а ў выніку ўвогуле прапаноўвалі быць кансультантам разам з Наталляй Радзінай [галоўны рэдактар сайта «Хартыя-97» — «НН»]. На мой погляд, вакол гэтага праекту сабраліся вялікія аферысты. Фільм будзе выкарыстаны для прапагандысцкіх мэтаў.

«НН»: Пасля фільма «Жыве Беларусь» ты пабываў на многіх кінафэстах, у тым ліку ў Канах. Які ён, гэты кінасвет?

ФВ: Ён хутчэй жорсткі, чым гламурны. Усе творцы паміж сабой канкуруюць. Рэжысёры адзін аднаму дапамагаць не хочуць. Калі ў цябе ёсць ідэя, не зрабі памылку і не раскажы пра яе, інакш ёй у любым выпадку скарыстаюцца. Я атрымаў там шмат кантактаў, якія спатрэбяцца нам для адраджэння беларускага кіно ў будучыні.

«НН»: Пасля таго, як ты выклаў фота з акторкай-мадэлькай, якая знялася ў фільме «Авель», ізноў пачуліся каментары, кшталту таго, што Франак ахмурае чарговую дзяўчыну. Табе падабаецца твой імідж донжуана?

ФВ: Імідж такі ствараўся штучна. У тым ліку лукашэнкаўскімі рэпартажамі, дзе мяне ў армію нібыта забіралі з прытона.

«НН»: А вяселля пакуль не плануецца?

ФВ: Пакуль не. Шмат яшчэ працы, яна стаіць на першым месцы.

Людзі мінулых гадоў па версіі «НН»

2008 — футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка
2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы
2010 — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў
2011 — музыка Сяргей Міхалок
2012 — людзі, што вярнулі ў Беларусь Статут ВКЛ: Аляксей Бацюкоў, Зміцер Яцкевіч, Андрэй Радкоў
2013 — беларускамоўныя дзеці.

Гутарылі Зміцер Панкавец і Вольга Гарапучык