Лукашэнка: Беларусь будзе імкнуцца нармалізаваць адносіны з Захадам (пашыраная версія)

30.12.2014 / 20:29

Беларусь будзе імкнуцца да нармалізацыі адносін з Захадам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння пры прадстаўленні на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Косінца.

Лукашэнка 29 снежня 2014 г, president.gov.by

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў полі зроку Адміністрацыі Прэзідэнта павінны знаходзіцца пытанні не толькі ўнутранай, але і знешняй палітыкі. «Геапалітычная абстаноўка і ў свеце, і вакол нашай краіны становіцца ўсё больш складанай», — падкрэсліў ён. Паводле яго слоў, задачу па выпрацоўцы і рэалізацыі апераджальных дзеянняў у адказ на знешнія пагрозы трэба вырашаць ва ўзаемадзеянні з урадам і МЗС.

Наступны год стане ключавым для Беларусі па многіх напрамках. У прыватнасці, стане рэальнасцю Еўразійскі эканамічны саюз. Тут, паводле слоў Лукашэнкі, нельга дапусціць страты ўласных інтарэсаў.

«Асобнае пытанне — адносіны з Захадам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Так, ёсць станоўчыя моманты як у палітычнай, так і ў эканамічнай галіне. Давайце будзем прадаўжаць работу ў гэтым напрамку. Але ні ў якім разе нельга дапусціць націску на нас. Ні з Захаду, ні з Усходу націск непрымальны, асабліва з маючымі адбыцца выбарамі». Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, падкрэсліў ён.

Закранаючы адносіны з Расіяй, ён сказаў: «Нам сёння гэту краіну ніхто ў свеце не заменіць. Беларусь не будзе дзейнічаць на шкоду брацкай Расіі».

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Захадам, Лукашэнка адзначыў: «Мы мяжуем з Захадам і не хочам ніякіх сутыкненняў — ні палітычных, ні дыпламатычных. Палавіна нашага гандлю там. Калі Захад працягне нам руку супрацоўніцтва, то трэба гэтым скарыстацца. Мы будзем імкнуцца да нармалізацыі адносін з Захадам. Калі яны хочуць з намі на роўных супрацоўнічаць і даюць сігналы да гэтага, мы прымем гэты сігнал. Мы заўсёды гаварылі аб гэтым — давайце садзіцца за стол перагавораў і дагаворвацца».