Расія вярнула ў Беларусь 100 т яблык і пекінскай капусты

30.12.2014 / 14:48

Каля 100 тон плодаагародніннай прадукцыі вернута з Расіі ў Беларусь, паведамілі ва ўпраўленні Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях. 

З 26 па 28 снежня ў пункце папярэдняга апавяшчэння «Чырвоная Горка» забаронены транзіт дзвюх партый яблыкаў і партыі пекінскай капусты агульнай вагой больш за 55 тон. Грузы накіроўваліся з Польшчы ў Казахстан у суправаджэнні рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў Беларусі. 

Яшчэ каля 40 тон плодаагародніннай прадукцыі вернута ў Беларусь з-за адсутнасці суправаджальных дакументаў, а таксама грубых парушэнняў у запаўненні рээкспартнага фітасанітарнага сертыфіката, паведамілі ва ўпраўленні.