У аварыі пад Туравам загінулі расіянка і двое украінцаў

30.12.2014 / 19:40

У аварыі пад Туравам ў Жыткавіцкім раёне, якая адбылася сёння раніцай, загінулі расіянка і двое ўкраінцаў. Падрабязнасці ДТЗ паведаміла прэс-сакратар ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольга Развякова.

Устаноўлена, што ў мікрааўтобусе «Мэрсэдэс Спрынтэр» знаходзіліся 12 грамадзян Украіны і грамадзянка Расіі — жыхарка Масквы. Яны накіроўваліся з Расіі ў Заходнюю Украіну з заробкаў на навагоднія святы. У выніку сутыкнення з гружанай фурай загінуў кіроўца мікрааўтобуса, пасажырка, якая сядзела на пярэднім сядзенні, і мужчына-пасажыр. Дапамогу ў выманні целаў аказвалі супрацоўнікі МНС.

Паводле апошніх дадзеных, дзесяць чалавек, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, знаходзяцца ў Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, з іх двое — у рэанімацыі. Асобы пацярпелых у ДТЗ высвятляюцца.

Сёння каля 10.30 на аўтадарозе Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны гружаная фура, якая накіроўвалася са Слуцка, пры павароце не саступіла дарогу мікрааўтобусу «Мэрсэдэс Спрынтэр». У выніку сутыкнення тры чалавекі загінулі, дзесяць пацярпелі. Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па артыкуле «Парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб».