У Стамбуле адбыўся тэракт, смяротніца, якая падарвала сябе — з Расіі

08.01.2015 / 20:05

6 студзеня ў гістарычным раёне ў цэнтры Стамбула прагрымеў выбух. У паліцэйскі ўчастак ўварвалася жанчына і прывяла ў дзеянне выбуховую прыладу. У выніку пацярпелі два афіцэры, адзін з іх памёр пазней у бальніцы.

Смяротніца аказалася расейскай грамадзянкай, паведамілі ў міністэрстве ўнутраных спраў Турцыі. Паводле інфармацыі ўладаў, яе звалі Дыяна Рамазава.

Паведамляецца, што перад нападам жанчына гаварыла з кіроўцам таксі па-расейску. Нумары, знойдзеныя на яе тэлефоне, таксама паказваюць на сувязь з Расіяй.

У сераду адказнасць за выбух узяла на сябе забароненая ў Турцыі марксісцкая групоўка «Рэвалюцыйны народны фронт вызвалення».