Памёр Леанард Німой, вядомы як Спок з серыяла Star Trek

Амерыканскі акцёр Леанард Німой, які атрымаў вядомасць за ролю Спока ў тэлевізійным серыяле «Зорны шлях» (Star Trek), памёр у ЗША ва ўзросце 83 гадоў, паведамляе газета New York Times.

27.02.2015 / 21:07

NBC

Леанард Німой быў шпіталізаваны ў адну з бальніц Лос-Анджэлеса некалькі дзён таму са скаргамі на моцныя болі ў грудзях. Як паведаміла газеце жонка акцёра, прычынай смерці Німоя стала хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.

Леанард Сайман Німой нарадзіўся 26 сакавіка 1931 года ў Бостане (Масачусэтс) у сям'і яўрэйскіх эмігрантаў з Валынскай губерні (сёння Хмяльніцкая вобласць, Украіна). У 18-гадовым узросце Німой пайшоў з дому і з'ехаў у Каліфорнію, каб стаць акцёрам.

Найбольшую вядомасць акцёру прынесла роля містэра Спока ў серыяле «Зорны шлях». Леанард Німой ў 1987 годзе быў уганараваны зоркай на Галівудскай алеі славы. Акрамя акцёрскай прафесіі, Німой таксама захапляўся фатаграфіяй.

AP