Міграцыйная служба Аўстраліі раскрыла нумары пашпартоў сусветных лідараў

Асабістыя звесткі Пуціна, Абамы і Меркель уцеклі, але недалёка.

30.03.2015 / 14:07

Супрацоўнік міграцыйнай службы Аўстраліі выпадкова раскрыў асабістыя звесткі удзельнікаў саміту G20, паведамляе The Guardian.

Супрацоўнік службы няправільна запоўніў поле «Каму» пры рассылцы лістоў.

Ліст з нумарамі пашпартоў і інфармацыяй пра візы 31 сусветнага лідара (у тым ліку кіраўнікоў Расіі, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Кітая, Індыі, Японіі і іншых краін) быў разасланы арганізатарам Кубку Азіі па футболе.

Улады Аўстраліі выключаюць з’яўленне звестак у шырокім доступе.

Атрымальнікі выдалілі ліст з пошты. Міграцыйная служба Аўтраліі рэкамендавала не паведамляць палітыкам пра ўцечку, палічыўшы яе нязначнай. Такая рэкамендацыя можа супярэчыць законам некаторых краін, чые лідары маглі пацярпець ад уцечкі.

Аляксандр Арсёнаў