На парадзе ў Мінску ў калоне вайсковай тэхнікі пройдуць расійскія зенітныя комплексы «Панцыр-С»

21.04.2015 / 14:34

Шэсць зенітных ракетна-гарматных комплексаў (ЗРГК) «Панцыр-С» войскаў паветрана-касмічнай абароны (ПКА) Расіі прыбылі ў Мінск, дзе пройдуць у складзе механізаванай калоны на ваенным парадзе, прысвечаным 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая. Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і прэс-службы Міністэрства абароны РФ.

Пасля правядзення тэхнічнай падрыхтоўкі баявой тэхнікі экіпажы ЗРГК «Панцыр-С» возьмуць удзел у сумесных трэніроўках і рэпетыцыях ваеннага параду ў Мінску.

Штогод з 2011 года падраздзяленні Войскаў ПКА Расіі ўдзельнічаюць у ваенных парадах, прысвечаных Дню Незалежнасці Беларусі. Летась у ваенным парадзе ў Мінску былі задзейнічаныя зенітныя ракетныя комплексы С-400 «Трыумф» войскаў ПКА Расіі.

У ваенным парадзе ў беларускай сталіцы, прысвечаным Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, асабовы склад і ваенная тэхніка войскаў ПКА бяруць удзел упершыню.