Ракетныя комплексы «Паланэз» на ўзбраенне беларускай арміі плануецца паставіць у 2016 г.

13.05.2015 / 13:14

 Новыя беларускія ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз» плануецца паставіць на ўзбраенне арміі ў 2016 годзе, паведаміў журналістам міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў 13 мая ў Палаце прадстаўнікоў.

«Паланэзы» падчас Парада 9 мая

Пры гэтым ён не змог сказаць, ці будуць задзейнічаны сістэмы «Паланэз» на вучэннях на палігоне Ашулук у Расіі. «Гэтае пытанне прапрацоўваецца», — сказаў кіраўнік Мінабароны. 

Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Баявая садружнасць — 2015» на палігоне Ашулук (Астраханская вобласць РФ) пройдуць у верасні. 

Рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) вялікай далёкасці «Паланэз» упершыню была прадстаўлена 9 мая на ваенным парадзе ў Мінску. Падчас парада дыктар назваў «Паланэз» унікальнай распрацоўкай айчыннага абароннага сектара эканомікі, параўнальнай з найлепшымі сусветнымі аналагамі. Было таксама заяўлена, што гэтая баявая машына можа адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях на далёкасці больш за 200 кіламетраў.