Таджыкістан застаўся самай залежнай ад пераводаў краінай

26.05.2015 / 15:33

Таджыкістан захаваў статус самай залежнай ад грашовых пераводаў з-за мяжы краіны, гаворыцца ў дакладзе Сусветнага банка.

Аб'ём грашовых пераводаў, адпраўленых у Таджыкістан з-за мяжы, складае 42% яго ВУП. У дакуменце адзначаецца, што 90% пераводаў паступаюць у краіну з Расіі.

У сувязі з гэтым запаволенне эканамічнага росту ў Расіі і дэвальвацыя рубля аказваюць істотны негатыўны ўплыў і на таджыкскую эканоміку.

Па дадзеных Сусветнага банка, аб'ём грашовых пераводаў у Таджыкістан за першыя два месяцы гэтага года ў параўнанні з тым жа перыядам 2014 знізіўся амаль на 40%.