Youtube-блогерам у Беларусі стане прасцей зарабляць грошы 

26.10.2015 / 14:20

Кампанія MediaCube Network нядаўна заявіла пра тое, што яны сталі першымі і адзінымі партнёрамі Google ў Беларусі. 26 кастрычніка яна сабрала блогераў, прадстаўнікоў СМІ і брэндаў, якія карыстаюцца сэрвісам YouTube.

На сустрэчу прыйшло каля 70 блогераў і прадстаўнікоў брэндаў.

Задача MediaCube Network — аб'яднаць максімальную колькасць блогераў на тэрыторыі Беларусі, спрасціць атрыманне грошай ад манетызацыі іх акаўнтаў і абараняць аўтарскія правы партнёраў іх сеткі.

Кампанія правяла аналіз рынку рэкламы ў Беларусі. Каля 70% рэкламы ў Беларусі цяпер прыходзіцца на інтэрнэт. YouTube па папулярнасці ў Беларусі знаходзіцца на трэцім месцы, а доля аўдыторыі складае 27% ад усіх карыстальнікаў байнэта. 

MediaCube Network падлічыла, што тэлебачанне сёлета атрымае нашмат менш рэкламы, таму страты БТ будуць складаць каля 20 млн даляраў.

Каманда MediaCube Network

Таксама на канферэнцыі прысутнічала бізнэс-менеджар Google Наталля Каробка.

«Кампанія Google на працягу некалькіх год шукала партнёраў у Беларусі, цяпер жа мы будзем дзейнічаць. Мы будзем імкнуцца аб'ядноўваць карыстальнікаў YouTube — як блогераў, так і брэндаў».

На канфэрэнцыі прагучала і пытанне беларускай мовы на YouTube.

«Мы займаемся гэтым пытаннем. Мы не хочам каб гэта выглядала прымітыўна, проста пераклад кнопачак. Мы шукаем патрэбныя словы і сэнсы, гэтым займаюцца нашыя спецыялісты». 

Сама кампанія MediaCube Network таксама заявіла, што будзе максімальна больш рабіць розных мерапрыемстваў для «ютубераў».

Мікіта Недаверкаў, фота mediacube.network