У Маскве шпіталізаваны кітаец, які спрабаваў прайсці ў Крэмль, заявіўшы, што жыве там

03.01.2016 / 15:06

У Маскве затрыманы грамадзянін Кітая, які спрабаваў прайсці ў Крэмль, аргументуючы гэта тым, што ён там жыве.

Пра гэта паведаміла ў нядзелю «Інтэрфаксу» крыніца ў праваахоўных органах.

Паводле яе слоў, 2 студзеня ў 20:30 у Спаскай вежы пры спробе несанкцыянаванага пранікнення на тэрыторыю Маскоўскага Крамля быў затрыманы грамадзянін КНР 1985 года нараджэння.

Ён паведаміў супрацоўнікам паліцыі, што жыве ў Крамлі.

Затрыманага даставілі ў аддзел паліцыі «Кітай-горад», дзе яго агледзеў псіхіятр і прыняў рашэнне аб шпіталізацыі.

«Інтэрфакс» не мае афіцыйнай інфармацыі праваахоўных органаў з гэтай нагоды.