У Іспаніі ў кантрабандыстаў канфіскавалі 3 тоны какаіну

05.01.2016 / 16:34

Іспанская паліцыя канфіскавала ў кантрабандыстаў каля трох тон какаіну, якія прызначаліся для паўднёвых рэгіёнаў краіны.

Аперацыя па канфіскацыі наркотыкаў праводзілася ў рэгіёне Галісія на паўночным захадзе краіны. У апошні раз партыю такога памеру ў рэгіёне перахоплівалі ў 1999 годзе.

У ходзе аперацыі ўдалося затрымаць як наркакур'ераў, так і пакупнікоў з прадаўцамі. Кур'еры аказаліся іспанцамі, прадаўцы — галандцамі, а пакупнікі — брытанцамі.

Усяго затрыманыя 12 чалавек. Падрабязнасці аб аперацыі пакуль не прыводзяцца. У прыватнасці, паліцыя адмовілася паведаміць, як выйшла на след наркагандляроў.

Наркамафія ўжо доўгія гады выкарыстоўвае Галісію для ўвозу наркотыкаў у Еўропу. У гэтую прыбярэжную вобласць зручна дастаўляць лацінаамерыканскі какаін і афрыканскі гашыш.

Пры гэтым наркагандляры актыўныя і ў іншых рэгіёнах краіны. У прыватнасці, за апошнія два месяцы паліцыя каралеўства затрымала адразу трох меркаваных наркабаронаў.