Пратэсты ў Кёльне: сотні жанчын патрабуюць ад Меркель радыкальных мер

06.01.2016 / 17:14

Сотні людзей выйшлі на вуліцы Кёльна з пратэстамі супраць серыі рабаванняў, ажыццёўленых бандамі маладых мужчын у навагоднюю ноч.

Большасць пратэстоўцаў — жанчыны. У некаторых у руках былі плакаты з патрабаваннямі да канцлера Германіі Ангелы Меркель прыняць неабходныя меры.

Раней Меркель заявіла, што ўгневаная «агіднымі нападамі», і запатрабавала ад адпаведных структур зрабіць усё магчымае, каб знайсці вінаватых.

Сведкі злачынстваў і паліцыянты сцвярджаюць, што з выгляду нападнікі былі падобныя на выхадцаў з арабскіх краін і краін паўночнай Афрыкі.

Палітычныя лідары, аднак, заклікалі немцаў не звязваць усплёск гвалту з тым фактам, што за апошні год у Германію прыбылі больш за мільён бежанцаў і мігрантаў.

«Было б зусім няправільна звязваць групу мужчын паўночнаафрыканскага паходжання з нядаўна прыбылымі бежанцамі», — заявіла мэр Кёльна Генрыета Рэкер пасля нарады з паліцэйскім начальствам.

Генрыета Рэкер, фота AFP

Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьер таксама лічыць, што не варта падазраваць бежанцаў, па меншай меры, «на этапе расследавання».

Тым часам адзін з паліцэйскіх паведаміў у сацыяльных сетках, што ён адзін затрымаў восем падазраваных. «Усе яны з ліку тых, хто падаў на права прытулку, з дазволамі на жыхарства на руках», — напісаў ён.

Маштаб нападаў, учыненых групамі п'яных і агрэсіўных мужчын, узрушыў усю краіну. Трывожней за ўсё тое, што «навагоднія» злачынствы выглядаюць арганізаванымі.

Шэф гарадской паліцыі Вольфганг Альберс заявіў, што паліцыя сутыкнулася з новым відам злачынстваў, і адкінуў крытыку дзеянняў яго падначаленых у навагоднюю ноч.

Падобныя напады былі здзейсненыя ў Гамбургу і Штутгарце, але ў меншых маштабах.

Вакзал у Кёльне, фота AFP

У паліцыю Кёльна было пададзена па меншай меры 90 заяў ад жанчын, якія сталі аб'ектамі сэксуальных дамаганняў з боку нецвярозых мужчын вечарам 31 снежня. Большасць інцыдэнтаў адбылася ў раёне чыгуначнага вакзала. У большасці заяў таксама гаворыцца аб рабаванні. Па меншай меры адна жанчына была згвалтаваная, а многія з іх з цяжкасцю вырваліся з рук нападнікаў.

Адзін са сведкаў распавёў, як яго жонка і 15-гадовая дачка апынуліся пасярод велізарнага натоўпу на вакзальнай плошчы, і як ён не мог нічым ім дапамагчы. Паводле яго слоў, жанчын хапалі за грудзі і ногі і груба абмацвалі.

Брытанка, якая гасцявала ў Кёльне, распавядае, што група маладых мужчын, якія не гаварылі па-ангельску ці па-нямецку, кідала ў яе бок і ў бок яе сяброў петарды і бенгальскія агні. «Яны спрабавалі нас абдымаць і цалаваць, у маёй сяброўкі вырвалі сумку», — распавяла яна.

«Іншы паспрабаваў пасадзіць нас у сваё «прыватнае таксі». Я бывала ў розных сітуацыях, часта вельмі рызыкоўных, але ніколі не адчувала нічога падобнага», — дадала яна.