Собаль на Камчатцы арганізаваў сабе навагоднюю бяседу за кошт дзяржслужбоўцаў

Пухнаты драпежнік у Краноцкім запаведніку на расійскай Камчатцы палічыў сваёй законнай здабычай мяса, рыбу, сала і масла дзяржаўных інспектараў, якія патрулююць запаведнік.

07.01.2016 / 14:22

Собаль упершыню пазнаёміўся з будучымі ахвярамі ў снежні, калі пачаў вывучаць сітуацыю вакол хаты, дзе жывуць інспектары. Потым перайшоў да актыўных дзеянняў.

Падазраваны ў злачынстве.

«Ноччу я прачнуўся ад шоргату, выйшаў у сенцы і ўбачыў новага знаёмага. Собаль, быццам акрабат, схапіўся за вяроўку, на якой вісеў мех з прыпасамі, і з прагрызенай дзіркі выцягваў прадукты. Калі я спрабаваў адагнаць звера, ён пачаў шыпець і амаль укусіў мяне за нос», — распавёў валанцёр Краноцкага запаведніка Генадзь Валынец.

Па ягоных словах, собаль паспеў скрасці некалькі рыбін, па паўкілаграма мяса і масла, адну каўбасу, 600 грамаў сала і пачак пельменяў.

Аказалася, што драпежнік стаў жыць пад хатай інспектараў, і ноччу добра чуваць, як ён нешта грызе.

Таксама на кардон раней хадзіў гарнастай, а цяпер заходзіць у госці ліс, які побач жыве.

Собаль (Martes zibellina) — сысун сямейства куніцавых. Даўжыня цела да 58 см, хваста да 19 см, маса да 1,9 кг. Лапы кароткія, шырокія, падэшвы ўкрыты поўсцю. Футра густое, пушыстае, шаўкавістае. Афарбоўка ад жоўта-бурай да чорна-бурай. На горле і грудзях жоўтая пляма. Звычайна собаль палюе грызуноў, часта зайцоў і вавёрак, зрэдку — птушак. Частуецца таксама ягадамі і арэхамі.

Аляксандр Гелагаеў